У Гішпаніі эксгумавалі парэшткі мастака Сальвадора Далі ў сувязі з пазовам аб пацьверджаньні бацькоўства. У суд зьвярнулася 61-гадовая Піляр Абэль Мартынэс з Жыроны, якая сьцьвярджае, што яна — пазашлюбная дачка Далі.
У ноч на пятніцу судова-мэдычныя экспэрты раскрылі труну і ўзялі біялягічны матэрыял, які цяпер будзе накіраваны ў лябараторыю ў Мадрыдзе. Дасьледаваньне можа заняць некалькі тыдняў, паведамляе агенцтва Associated Press.
Піляр Абэль Мартынэс, прафэсійная варажбітка, з 2007 году спрабуе давесьці, што яна — біялягічная дачка мастака. Паводле яе, аб сваім паходжаньні яна даведалася ад маці, якая была хатняй прыслужніцай у доме Далі. Таямніцу яе нараджэньня маці нібыта раскрыла толькі незадоўга да сьмерці.
Сальвадор Далі лічыцца адным з самых вядомых прадстаўнікоў сюррэалізму. Ён праславіўся таксама эксцэнтрычнымі выхадкамі. Далі памёр у 1989 годзе, быў забальзамаваны і пахаваны ў сваім родным горадзе Фігерас ў Каталёніі. У фондзе Далі, які кіруе яго музэем, сумняваюцца ў праўдзівасьці словаў Піляр Абэль Мартынэс. У выпадку, калі экспэртыза пацьвердзіць біялягічную сувязь жанчыны і мастака, яна зможа насіць прозьвішча Далі, а таксама атрымаць правы на яго працы.