Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа «чорных рыэлтараў»: двум фігурантам пагражае расстрэл. Сёньня вырак


Падчас расьсьледаваньня дзейнасьці чорных рыэлтараў пад Магілёвам. Архіўнае фота
Падчас расьсьледаваньня дзейнасьці чорных рыэлтараў пад Магілёвам. Архіўнае фота

Сёньня ў Магілёве абласны суд агучыць вырак у справе «чорных рыэлтараў». Двум фігурантам пагражае найвышэйшая мера пакараньня — расстрэл. Яшчэ дваім — працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Паводле зьвестак сьледзтва, злачынная групоўка ад 2009-га да 2015 году ўчыніла 6 выкраданьняў і забойстваў. Злачынцы імкнуліся завалодаць жытлом сваіх ахвяраў. Выкрылі групоўку ў 2015 годзе, калі адпрацоўваліся захады пошуку зьніклых бязь вестак.

Фота абвінавачаных, якія раней публікаваў Сьледчы камітэт
Фота абвінавачаных, якія раней публікаваў Сьледчы камітэт

Групоўка падшуквала людзей з сацыяльна ўразьлівай катэгорыі насельніцтва. Зламысьнікі ўгаворвалі ўладальніка кватэры прадаць яе. Пасьля былога гаспадара заваблівалі ў бязьлюднае месца і забівалі. Целы закопвалі ў загадзя падрыхтаваных магілах.

На могілках вобласьці было выяўлена шэсьць пахаваньняў і яшчэ тры падрыхтаваныя магілы для наступных ахвяраў. У ходзе допытаў абвінавачаныя не выключалі, што закопвалі людзей жывымі, бо яны былі пад узьдзеяньнем кляфіліну.

Сямёну Беражнову і Ігару Гершанкову пракурор запрасіў найвышэйшую меру пакараньня. Для Тацяны Гершанковай — 24 гады турмы, а для Барыса Калесьнікава — 22.

Cьпіс абвінавачваных ў справе «чорных рыэлтараў» з інкрымінаванымі злачынствамі
Cьпіс абвінавачваных ў справе «чорных рыэлтараў» з інкрымінаванымі злачынствамі

Сямёну Беражнову, Ігару і Тацяне Гершанковым выстаўленае абвінавачваньне ва ўчыненьні забойстваў і падрыхтоўцы да ўчыненьня забойства, а таксама ў выкраданьні чалавека і падрыхтоўцы да выкраданьня. Акрамя таго, яны абвінавачваюцца ў махлярстве, разбоі, вымаганьні, выкраданьні альбо зьнішчэньні дакумэнтаў. Гершанковы абвінавачваюцца яшчэ ў незаконным абарачэньні наркатычных рэчываў.

Яшчэ адзін фігурант Барыс Калесьнікаў абвінавачваецца ў разбоі, дапамозе ў забойстве, а таксама выкраданьні чалавека.

У сваім апошнім слове абвінавачаныя пакаяліся і выбачаліся перад родзічамі забітых імі людзей. Беражноў і Гершанкоў прасілі суд разгледзіць магчымасьць замены расстрэлу на максымальны тэрмін турэмнага пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG