Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Gallup-2017: Беларусы — самая неэмацыйная нацыя ў сьвеце


Амэрыканская дасьледчыцкая арганізацыя Gallup правяла дасьледаваньне ступені эмацыйнасьці ў 142 краінах. Апытаных прасілі адказаць, ці адчувалі яны за папярэдні дзень пяць станоўчых і пяць адмоўных эмоцыяў. Пяць станоўчых — адчуваньне, што ты добра адпачыў/адпачыла, што да цябе ставяцца з павагай, радасьць, шмат усьмешак і сьмеху, а таксама адчуваньне, што ты вывучаеш ці робіш нешта цікавае. Пяць нэгатыўных перажываньняў — гнеў, стрэс, смутак, фізычны боль і трывога.

Беларусы ў апытаньні апынуліся ў групе краінаў, жыхары якіх у найменшай ступені адчуваюць станоўчыя эмоцыі, разам з Грузіяй, Азэрбайджанам, Літвой і Украінай. У найменшай ступені перажываюць станоўчыя эмоцыі Йемэн і Турэччына. У Беларусі такіх крыху больш, а найбольш станоўчыя эмоцыі ўласьцівыя жыхарам краінаў Лацінскай Амэрыкі, сусьветныя лідэры радасьці — Парагвай, Коста-Рыка, Панама.

Што тычыцца адмоўных эмоцыяў, то Беларусь — ані сярод лідэраў, ані сярод аўтсайдэраў. Найбольш кепскія пачуцьці перажываюць жыхары Іраку і Паўднёвага Судану, найменш — жыхары Кіргізстану, Узбэкістану. Тайваню, Казахстану і Расеі.

Але паводле сярэдняга ўзроўню як станоўчых, так і адмоўных эмоцыяў беларусы аказаліся самай неэмацыйнай краінай сьвету. У Беларусі сярэдняя колькасьць адказаў «так» на ўсе 10 пытаньняў пра эмоцыі — 37%, самай эмацыйнай краінай у сьвеце аказалася летась лацінаамэрыканская краіна Эквадор, у ёй сярэдняя колькасьць станоўчых адказаў на эмацыйныя індыкатары склала 60%.

Цікава адзначыць, што і ў папярэднім аналягічным дасьледаваньні Gallup у 2015 годзе Беларусь таксама была адной з самых неэмацыйных краінаў, менш эмацыйнымі, чым беларусы, былі азэрбайджанцы, жыхары Банглядэш, грузіны і манголы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG