Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле непацьверджанай інфармацыі, на будоўлі АЭС загінулі двое зваршчыкаў. Адміністрацыя адмаўляе


БелАЭС блізу Астраўца
БелАЭС блізу Астраўца

Жыхарка Астраўца спадарыня Данута зьвязалася з Радыё Свабода і паведаміла пра надзвычайнае здарэньне на будоўлі атамнай электрастанцыі.

«Інфармацыя дакладная, загінулі два чалавекі. Зварвалі газавай устаноўкай нейкую канструкцыю, адбыўся выбух і абодва насьмерць. Самі не з Астравецкага раёну, камандзіраваныя. Адкуль — невядома, бо працуюць і горадзенскія, і віцебскія, і магілёўскія, з усёй Беларусі папрыяжджалі. А крыху раней было, што выбухнуў балён і загінуў чалавек — працавала цэлая брыгада, адзін пацярпеў».

А літаральна перад гэтым, паводле суразмоўніцы, сарваўся з вышыні рабочы-мантажнік, і яго даставілі ў шпіталь у непрытомным стане:

«Днямі сарваўся мантажнік, зваліўся зь вялікай вышыні. Таксама наўрад ці будзе жыць, бо, як сказалі, сам увесь пераломлены ад удару, унутраныя органы пашкоджаныя. „Хуткая“ забрала, але ўжо без прытомнасьці. Цяпер ён у Астравецкім шпіталі, невядома, жывы ці не. Мэдыкі наўрад ці што скажуць, бо ўсіх абклалі такім кантролем, што слова лішняга ня вымавяць».

У інфармацыйным цэнтры БелАЭС карэспандэнту Свабоды адказалі, што ні пра якія надзвычайныя здарэньні зьвестак ня маюць. Пры гэтым параілі даслаць запыт зь пералікам пытаньняў — цягам месяца адміністрацыя яго разгледзіць.

Тым часам у прыёмным пакоі Астравецкага цэнтральнага раённага шпіталя дзяжурны лекар патлумачыў, што ня мае права распаўсюджваць канфідэнцыйныя зьвесткі пра пацыентаў.

Было некалькі выпадкаў, калі спачатку кіраўніцтва БелАЭС адмаўляла факты гібелі рабочых на будаўнічай пляцоўцы, аднак пасьля розгаласу ў СМІ усё ж вымушана было гэта прызнаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG