Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура пакарала міністра культуры Сьвятлова за помнікі архітэктуры

Барыс Сьвятлоў
Барыс Сьвятлоў

Генэральная пракуратура Беларусі правяла праверку выкананьня заканадаўства, якое рэгулюе парадак ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны.

«За слабы кантроль за аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці міністар культуры Барыс Сьвятлоў», — паведамляецца на сайце ведамства.

Паводле пракуратуры, «для стварэньня належных умоваў захаванасьці, аднаўленьня, утрыманьня і выкарыстаньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў вызначаны парадак адлічэньняў за прадпрымальніцкую дзейнасьць і выплаты кампэнсацый за шкоду, прычыненую такім каштоўнасьцям». Адлічэньні неабходна ажыцьцяўляць штогод ад прыбытку кампаній, якія арандуюць памяшканьні ў гістарычных будынках.

Нярэдка на фасадах і дахах будынкаў-помнікаў усталёўваюць выцяжкі, прамысловыя кандыцыянэры, прылады электрасувязі.

Фота з сайту Генэральнай пракуратуры Беларусі
Фота з сайту Генэральнай пракуратуры Беларусі

Як выявіла праверка, адлічэньні мелі адзінкавы характар і не былі зьвязаныя з рэалізацыяй нормаў заканадаўства.

Для ліквідацыі парушэньняў Генпракуратура накіравала адпаведную інфармацыю ў Савет Міністраў, у Міністэрства культуры ўнесеная прапазыцыя.

Вызначаны суб’екты гаспадараньня, дзейнасьць якіх аказвае непасрэднае ўзьдзеяньне на аб’екты гісторыі і культуры — усяго такіх больш за 2 тысячы.

Штрафныя санкцыі пракуратуры далі магчымасьць накіраваць на аднаўленьне помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны звыш 400 тысяч рублёў. У параўнаньні зь мінулым годам аб’ём сродкаў павялічыўся ў 16 разоў.

Сродкі, у прыватнасьці, накіраваныя на фінансаваньне капітальнага рамонту Барысаглебскай (Калоскай) царквы ў Горадні, кансэрвацыю Княскай вежы Крэўскага замку і рэстаўрацыю фрэскавых росьпісаў XII стагодзьдзя Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку.

Раней паведамлялася, што сродкі на гэтыя аб’екты выдаткаваныя з прэзыдэнцкага фонду.

XS
SM
MD
LG