Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мапа кавярняў, куды пусьцяць са сваім кубкам: у Менску пачалі кампанію супраць аднаразовага посуду


Адзін з плякатаў кампаніі «My Cup, Please»

Няўрадавыя супольнасьці «Зялёная сетка», «Цэнтар экалягічных рашэньняў» і «Экастарт» пачалі кампанію «My Cup, Please» (анг. «Мой кубак, калі ласка») за выкарыстаньне шматразовых кубкаў на замену аднаразовым плястыкавым і папяровым. Шматразовы посуд хочуць зрабіць даступным, а купляньне напояў у сваю тару — модным.

Актывісты тлумачаць: кубачак для кавы, які называецца папяровым, не такі бясьпечны, якім здаецца на фоне плястыкавых. Ён мае накрыўку з полістыролу і поліэтыленавае пакрыцьцё звонку, якія забруджваюць навакольнае асяродзьдзе, ды й папяровы асяродак і кардонная абгортка кепска перапрацоўваюцца. «Экалягічныя» маркіроўкі на кубачках значаць толькі, што дрэва для іх вырабу атрымалі з кантраляваных лясных масіваў або што вытворца адлічвае грошы на перапрацоўку сьмецьця ў Нямеччыне, ня больш за тое.

У Беларусі, як сьцьвярджаюць актывісты, папяровыя кубачкі не зьбіраюцца асобна і не перапрацоўваюцца зусім. І нават кубачкі зь біяраскладальнага матэрыялу наўрад ці трапяць ва ўмовы, дзе змогуць раскласьціся, таму становяцца звычайным сьмецьцем на сьметніках.

«Адзіным правільным з экалягічнага пункту гледжаньня рашэньнем ёсьць шматразовы кубак (сёньня ёсьць зручныя складныя варыянты) або кубак-тэрмас, — сьцьвярджаюць актывісты. — На пікніку, на вечарыне лепш карыстацца шматразовым посудам! Можаце таксама прасіць наліць напой у ваш кубак у кавярні, асабліва калі выносіце пітво з сабой. Пры гэтым ваш кубак павінна быць чысты, без увагнутасьцяў, расколінаў і сколаў».

Актывісты склалі на сайце кампаніі мапу, на якой пазначаюць кавярні і бары, у якіх пагодзяцца наліць напоі ў тару кліентаў, абяцаюць яе абнаўляць. На момант публікацыі на мапе 7 кавярняў у Менску.

XS
SM
MD
LG