Так, кошт баявых вылетаў расейскай авіяцыі ў Сырыі склаў ад 90 да 117 мільярдаў рублёў. Яшчэ больш за 6 мільярдаў рублёў, як лічаць у партыі, было выдаткавана на пускі 71 крылатай ракеты тыпу «Калибр». Шкода ад стратаў вайсковай тэхнікі ў партыі «Яблоко» ацанілі ў 11 мільярдаў рублёў. Яшчэ амаль 4 мільярды былі выдаткаваныя на выплаты вайскоўцам і іхнае харчаваньне. Як мінімум 102 мільёны рублёў пайшлі на выплаты сем’ям палеглых вайскоўцаў, падлічылі «яблыкаўцы». Сваякі 34 загінулых вайскоўцаў у Сырыі, чые сьмерці афіцыйна пацьверджаныя, паводле закону павінны былі атрымаць па 3 мільёны рублёў.
Выданьне адзначае, што аналітыкі партыі карысталіся мэтодыкай, з дапамогай якой у сакавіку мінулага году кошт апэрацыі ў Сырыі падлічыў РБК. На той момант разьлікі РБК паказалі, што гэтыя выдаткі склалі мінімум 38 мільярдаў рублёў. Гэтыя дадзеныя амаль супалі зь лічбамі, якія крыху пазьней назваў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Крыніца выданьня ў Міністэрстве абароны заявіла, што «многія дапушчэньні РБК і „Яблока“ абсалютна бессэнсоўныя». На яго думку, уключэньне кошту страчаных самалётаў і верталётаў у выдаткі бюджэту «абсурдна», бо яны былі закупленыя па-за ўсякай сувязьзю з апэрацыяй у Сырыі.