Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп вырашыў згарнуць праграму ўзбраеньня сырыйскай апазыцыі, — Washington Post


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп згортвае сакрэтную праграму ўзбраеньня сырыйскай апазыцыі, што вядзе барацьбу з рэжымам Башара Асада, піша Washington Post са спасылкай на неназваных афіцыйных асобаў.

Такое рашэньне, паводле Washington Post, Трамп прыняў амаль месяц таму — пасьля нарады з дырэктарам ЦРУ Майкам Пампэа і дарадцам у нацыянальнай бясьпецы Гербэртам Макмастэрам, якая адбылася напярэдадні першай асабістай сустрэчы Трампа з расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным 7 ліпеня ў Гамбургу. І Пампэа, і Макмастэр адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю.

Тыя ж крыніцы Washington Post удакладнілі, што завяршэньне названай праграмы ня тычыцца тых сырыйскіх паўстанцаў, якія ваююць з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы».

ЗША пачалі пастаўляць зброю сырыйскай апазыцыі ў 2013 годзе. Гэта быў адзін з ключавых пунктаў палітыкі прэзыдэнта Барака Абамы ў дачыненьні Сырыі. Апанэнты гэтай праграмы ня раз ставілі пытаньне наконт яе эфэктыўнасьці ў сувязі з пачаткам у 2015 годзе расейскай ваеннай апэрацыі ў падтрымку ўрадавых сілаў Сырыі.

XS
SM
MD
LG