Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці асуджанага беларуса-добраахвотніка просіць Парашэнку заступіцца за яе сына перад Лукашэнкам


Людміла Посьпех
Людміла Посьпех

Людміла Посьпех, маці асуджанага ў Беларусі да пяці гадоў пазбаўленьня волі беларуса-добраахвотніка Тараса Аватарава, зьвярнулася да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі з заклікам заступіцца за яе сына, які абараняў цэласнасьць ўкраінскай тэрыторыі на Данбасе.

«Я прашу дапамагчы абараніць сына. І мая мэта ня столькі распавесьці пра бяду ў сваёй сям’і, а я ганаруся сваім сынам, колькі падтрымаць тых хлопцаў, якія на сёньняшні момант ня могуць прыехаць або вярнуцца дадому ў Беларусь, і іх абараніць. Майго сына абараніць вельмі складана — гэта залежыць толькі ад жаданьня „вярхоў“, таму я і зьвяртаюся менавіта да ўкраінскай улады зьвярнуць увагу на тых, хто абараняе цэласнасьць Украіны», — сказала Людміла Посьпех сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.

Паводле яе, Тарас Аватараў быў затрыманы не ў Беларусі. Яго, нібыта, выкралі яго ў Кіеве спэцслужбы Расеі і перадалі супрацоўнікам КДБ, якія, пасадзілі яго ў машыну і адправілі спачатку да Гомля, а адтуль цягніком да Менску. Паводле Людмілы Посьпех, яе сына суправаджалі на ўсім шляху да чыгуначнага вакзалу ў беларускай сталіцы. На падставе рамоў з сынам жанчына мяркуе, што самаробную выбуховую прыладу, за якую асуджаны яе сын, яму падкінулі якраз на мяжы Беларусі і Ўкраіны.

Зварот Людмілы Посьпех да ўкраінскіх уладаў падтрымаў Рух салідарнасьці «Разам» — сёньня ён будзе накіраваны на электронныя пошты ў Адміністрацыю прэзыдэнта Ўкраіны і ў Вярхоўную Раду.

Беларуса-добраахвотніка «Правага сэктару» асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму

«Заўтра пачнецца візыт кіраўніка сёьняшняй улады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну. Просім вас зрабіць усё магчымае для вызваленьня беларускага палітвязьня Тараса Аватарава, які быў асуджаны на пяць гадоў зьняволеньня па інсьпіраванай спэцслужбамі крыміналнай справе. Насамрэч Тарас знаходзіцца за кратамі толькі таму, што зьяўляючыся грамадзянінам Беларусі, ваяваў за Ўкраіну», — адзначаецца ў звароце.

Лідэрка новаўтворанай у Кіеве арганізацыі беларусаў «Сябры» Галіна Сарочык паведаміла, што падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў адбудзецца пікет каля будынку Адміністрацыі Прэзыдэнта Ўкраіны. Менавіта там будуць адбывацца беларуска-украінскія перамовы. «Я заклікаю і ўкраінцаў далучыцца да нашага пікету», — дадала яна.

Жыхар Наваполацку Тарас Аватараў быў затрыманы 26 лістапада 2015 году на менскім чыгуначным вакзале. У Аватарава міліцыянты забралі самаробную гранату, сыгнальны пісталет Макарава, бронекамізэльку, пасьведчаньне добраахвотніка «Правага сэктару» з Украіны.

У траўні 2016 года Тарас Аватараў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасьці за незаконны абарот і кантрабанду выбуховай прылады. Аватараў прызнаў незаконны абарот, але не незаконнае перамяшчэньне прыстасаваньня празь мяжу (знайшоў гранату на сваіх рэчах у аўтамабілі, якім прыехаў у Гомель з Украіны, здаў выбуховае прыстасаваньне міліцыі добраахвотна).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG