Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік у Буда-Кашалёве браў хабар ноўтбукам, вагонкай і мяккай мэбляй


Ілюстрацыйнае фота

Сьледчыя з Гомельскай вобласьці перадалі ў суд Буда-Кашалёўскага раёну справу дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства з Буда-Кашалёўскага раёну, якога злавілі на хабары на суму, большую за тысячу даляраў, і крадзяжы аўтамабільных шынаў і акумулятара, перадае БелТА.

Яшчэ ў 2012 годзе абвінавачваны браў хабар, калі працаваў галоўным інжынэрам прадпрыемства. Ён перадаў кіраўніку фэрмэрскай гаспадаркі сьпісаную сельскагаспадарчую тэхніку, а пасьля атрымаў у якасьці ўзнагароды ноўтбук, вагонку, аўтамабільныя літыя дыскі ды іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці на суму, большую за 1100 даляраў.

Затым на пасадзе дырэктара прадпрыемства ён вымагаў хабар з кіраўніка фэрмэрскай гаспадаркі, прыгразіўшы не плаціць за выкарыстаньне тэхнікі гаспадаркі. У выніку ён атрымаў 500 даляраў і мяккую мэблю.

За хабар, махлярства і крадзеж з выкарыстаньнем службовага становішча абвінавачванаму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці, таксама яго будуць судзіць за незаконнае набыцьцё, захаваньне ці нашэньне боепрыпасаў.

Гэткі набор хабару ня самы незвычайны ў Беларусі. Напрыклад, у студзені сёлета паведамлялася, што гомельскі судовы выканаўца браў хабар дызэльным палівам і каўбасамі. У лютым футбольнага арбітра асудзілі ў тым ліку за прызначэньне «правільнага» судзьдзі на футбольны матч за 28 даляраў і бутэльку каньяку.

Колькасьць выяўленых карупцыйных злачынстваў у Беларусі за апошні час рэзка вырасла: за першыя 5 месяцаў 2017 году выяўлена амаль на 30% больш такіх злачынстваў у параўнаньні з такім пэрыядам 2016 году, на 64% больш выпадкаў перавышэньня службовых паўнамоцтваў або злоўжываньня імі. Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк заяўляў у мінулым месяцы, што цяпер вядуцца расьсьледаваньні крымінальных справаў супраць высокапастаўленых чыноўнікаў Мінгандлю, МНС, Мінтранспарту і шэрагу буйных прадпрыемстваў.

XS
SM
MD
LG