Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд у справе ашмянскіх мытнікаў будзе агучаны 8 жніўня


Архіўнае фота з суду над групай ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацяць у хабары. Адзін з абвінавачаных — Алесь Юркойць (крайні справа за кратамі), вядомы краязнаўца, прапагандыст беларускай мовы. Менск, 18 лістапада 2016 году

8 жніўня Менскі абласны суд абвесьціць прысуд 16 фігурантам у гучнай справе ашмянскіх мытнікаў. Для тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам, пракурор запрасіў абмежаваньне волі, для тых, хто пад вартай — ад 2 да 12,5 года пазбаўленьня волі. Амаль усе прызналі сваю віну — хтосьці цалкам, хтосьці часткова.

Судовы разбор у справе ашмянскіх мытнікаў доўжыцца паўгода, а ўпершыню аб масавым затрыманьні супрацоўнікаў пункту пропуску «Каменны Лог» Камітэт дзяржбясьпекі расказаў у красавіку 2015 году. З амаль сотні падазраваных у СІЗА КДБ апынуліся 56 мытнікаў.

На гэты момант пад вартай застаюцца 11 чалавек, яшчэ 5 знаходзяцца пад хатнім арыштам.

Паводле абвінавачаньня, цягам 2010-2015 гадоў супрацоўнікі мытні атрымлівалі хабар за тое, што бесьперашкодна прапускалі празь мяжу машыны з кветкамі. Падчас ператрусаў у кватэрах некаторых зь іх знойдзена гатоўкай 2 мільёны 200 тысяч даляраў, пры гэтым большая частка — 1 мільён 800 тысяч даляраў — у галоўнага абвінавачванага, былога мытніка Гарніка Сарумянца.

Большасьць фігурантаў абвінавачваюцца паводле ч. 3 арт. 430 КК «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры», два бізнэсоўцы праходзяць па ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару», а былы намесьнік начальніка мытні Юры Кавальчук яшчэ паводле ч. 3 арт. 425 КК «Бязьдзейнасьць службовай асобы».

Многія абаронцы прасілі прымяніць да іх кліентаў арт. 70 КК «Прызначэньне больш мяккага пакараньня, чым прадугледжана за дадзенае злачынства» — у прыватнасьці, не канфіскоўваць маёмасьць, падысьці да абвінавачаных індывідуальна, улічваючы сувымернасьць пакараньня зробленаму, а таксама выключыць з абвінавачаньня ч.3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай».

Ці будуць улічаныя пажаданьні адвакатаў, стане вядома падчас вынясеньня прысуду 8 жніўня а 14-й гадзіне.

У справе мытнікаў праходзіць краязнавец Алесь Юркойць, які сваёй віны не прызнаў. Пра справу Юркойця падрабязна піша Сяргей Дубавец у цыклі «Юркойцеў суд».

XS
SM
MD
LG