Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква: Расея і ЗША «амаль» дасягнулі пагадненьня адносна дыпляматычных дач


Генэральнае консульства РФ у Сан-Францыска, Каліфорнія

Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Сяргей Рабкоў сустрэўся з намесьнікам дзяржсакратара ЗША па палітычных справах Томасам Шэнанам і пасьля сустрэчы заявіў журналістам, што Масква і Вашынгтон блізкія да дамоўленасьці па дыпляматычнай уласнасьці Расеі, якая раней была арыштаваная ў ЗША. Афіцыйных заяваў пасьля сустрэчы з амэрыканскага боку пакуль не паступала.

Калі журналісты спыталі Рабкова, ці атрымалася дамовіцца аб вяртаньні дыпляматычнай уласнасьці, Рабкоў адказаў: «Амаль, амаль».

Справа аб «дыпляматычных дачах» пачалася ў канцы сьнежня 2016 году як адказ адміністрацыі Барака Абамы на абвінавачаньні ў адрас Расеі аб ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. 35 супрацоўнікаў амбасады Расеі ў Вашынгтоне і генэральнага консульства ў Сан-Францыска былі абвешчаныя пэрсонамі нон грата і супрацоўнікамі расейскіх выведвальных структур, таксама былі зачыненыя дзьве расейскія дыпляматычныя дачы ў штатах Нью-Ёрк і Мэрылэнд. Расея вывезла дыпляматаў і паабяцала «адэкватныя меры ў адказ» (таксама выслаць 35 амэрыканскіх дыпляматаў, забраць каля амбасады ЗША ў Расеі дачу і склад), але яны да гэтага часу так і не былі прынятыя.

Перамовы па вяртаньні расейскай дыпляматычнай уласнасьці ў ЗША больш за паўгоду не давалі вынікаў, нават пасьля зьмены адміністрацыі.

14 ліпеня афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Расея гатова значна скараціць колькасьць супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Расеі, а таксама забраць у амэрыканскай дыпляматычнай місіі дачу і склад у якасьці люстраных захадаў, «калі справа ня зрушыцца». Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў выказаўся яшчэ больш жорстка і назваў сытуацыю з дыпляматычнымі дачамі «рабункам сярод белага дня».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG