Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саліст Depeche Mode выпісаны зь менскай лякарні. Канцэрт адменены. Што будзе з квіткамі?


Людзі ў чаканьні канцэрту Depeche Mode
Людзі ў чаканьні канцэрту Depeche Mode

Беларускія мэдыкі аказалі ўсю неабходную дапамогу вакалісту гурту Depeche Mode Дэйву Гаану, у якога было канстатаванае вострае кішэчнае атручэньне.

Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, спачатку плянавалася, што ён будзе пад кантролем беларускіх мэдыкаў сама меней 12 гадзінаў, гэта значыць да сярэдзіны сёньняшняга дня.

Аднак пасьля ранішняга агляду кансыліюм лекараў прыняў рашэньне, што пацыента можна выпісваць.

Ягоны стан ацэньваецца як здавальняючы. Іншых падрабязнасьцяў не паведамляецца — зьвесткі пра здароўе зьяўляюцца інфармацыяй асабістага характару.

Канцэрт легендарных брытанскіх музыкаў у «Менск Арэне» быў адменены ў апошні момант 17 ліпеня. Дэйву стала кепска пасьля абеду, яго даставілі ў 9-ы клінічны шпіталь сталіцы. За гадзіну да выхаду на сцэну стала зразумела, што ў такім стане Гаан выступаць ня зможа.

Цяпер пад пытаньнем паездка калектыву ў Кіеў, які заплянаваны наступным пунктам у рамках маштабнага Global Spirit Tour. Тур пачаўся 15 ліпеня ў Маскве, уключае 75 канцэртаў зь фінішам 27 сакавіка наступнага году ў бразыльскім Сан-Паўлу.

Арганізатары менскага канцэрту з агенцтва «Атам Інтэртэймэнт» запэўніваюць, што разглядаюць усе магчымыя варыянты, каб дамовіцца з мэнэджэрамі Depeche Mode пра перанос шоў альбо вяртаньне грошай. Праўда, кажуць, што наўрад ці гэта высьветліцца неўзабаве, а таму раяць не сьпяшацца ўпадаць у адчай. Канчаткова ўсё вырашыцца цягам тыдня.

Дырэктар агенцтва Андрэй Аляксееў
Дырэктар агенцтва Андрэй Аляксееў

Паводле дырэктара агенцтва Андрэя Аляксеева, усяго прададзена 7 тысяч квіткоў пры чаканай актыўнасьці ў 12 тысяч. Месцы ў партэры каштавалі ў эквіваленце 100 даляраў, што пры цяперашнім фінансавым становішчы досыць адчувальна. Паколькі канцэрт ня быў застрахаваны, усе спадарожныя выдаткі кладуцца на арганізатараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG