Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Зэльве пахавалі Юлію Качук, якая месяц таму загінула ў Празе


Бацька Юліі Качук Юры і маці Лілія
Бацька Юліі Качук Юры і маці Лілія

Сёньня ў Зэльве на Гарадзеншчыне пахавалі Юлію Качук — адзіную дачку краязнаўцы Юрыя Качука, аўтара папулярнай кулінарнай кнігі «Моц смаку».

30-гадовая мастачка загінула ў цэнтры Прагі ў ноч на 13 чэрвеня недалёка ад Нацыянальнага тэатру. Паводле сьледзтва, жанчына трапіла пад трамвай.

Гаворыць перакладчыца і адна з адміністратарак fb-суполкі «Беларусы Чэхіі» Крысьціна Шыянок:

«Учора на VII зьезьдзе беларусаў сьвету, дзе мы з Ланай Гвазьдзецкай прадстаўлялі беларусаў Чэхіі, я пачала свой выступ з хвіліны маўчаньня ў памяць Юлі. Бо яе сьмерць — гэта трагедыя ня толькі для сям’і, сяброў, але для ўсёй мясцовай дыяспары. Неверагодна шкада, калі паміраюць людзі. Але яшчэ цяжэй прыняць, калі чалавек сыходзіць у такім маладым узросьце, поўны жыцьцёвай энэргіі, ідэй. Мы не былі знаёмыя зь Юляй асабіста, але ведаем, што яна малявала і пісала вершы. Таму мы паспрабуем у дзень яе народзінаў, 10-га кастрычніка, арганізаваць у Празе творчы вечар памяці, падчас якога будуць прадстаўленыя Юліны працы, што абяруць бацькі. Гэта жудасная трагедыя ў сваю чаргу паказала ступень згуртаванасьці праскіх, а таксама іншых чэскіх і мараўскіх беларусаў. Я маю на ўвазе калектыўны збор грошай на рэпатрыяцыю. Акрамя беларусаў, да дапамогі сям’і загінулай спрычыніліся чэскія калегі Юлі, яе сябры і знаёмыя з іншых краінаў — Грузіі, Расеі, Італіі, і проста неабыякавыя да чужой бяды жыхары Чэхіі. Мы ўсім вельмі ўдзячныя. Будзе крывадушным не згадаць прафэсійную працу беларускай консулкі Ірыны Штурмы, якая стала была на сувязі і рабіла ўсё магчымае для як мага хутчэйшага завяршэньня ўсіх неабходных працэдур. Гэта трагічная сьмерць, як і ў выпадку Уладзя Каткоўскага, стала вынікам зьбегу акалічнасьцяў. Хочацца верыць, што беларусы Прагі больш ніколі не зазнаюць падобных няшчасных выпадкаў. Сьветлая памяць Юлі, сьветлая памяць Уладзю».

Бацька Юры суправаджаў труну зь Менску
Бацька Юры суправаджаў труну зь Менску

Месяц спатрэбілася на тое, каб узгадніць працэдуру вяртаньня цела на радзіму. Чэскія беларусы абвясьцілі збор сродкаў, каб дапамагчы сям’і.

Бабуля разьвітваецца з унучкай Юляй
Бабуля разьвітваецца з унучкай Юляй

У Чэхіі Юлія Качук атрымала эканамічную адукацыю, працавала ў транспартнай кампаніі. Шмат часу прысьвячала мастацтву, брала ўдзел у імпрэзах, якія ладзілі сучасныя незалежныя мастакі.

Як расказвалі Юліны бацькі, за некалькі дзён да трагічнага здарэньня яна была ў Беларусі, падпісала кантракты на дыстанцыйную супрацу зь некалькімі беларускімі фірмамі.

«Юля ўсё рабіла для людзей, жыла для людзей, — згадваў пасьля трагедыі Юры Качук. — Была найлепшая вучаніца ў школе. Калі яе прымушалі ўзьняць лукашэнкаўскі сьцяг, казала, што ніколі гэтага ня будзе, бо наш сьцяг — сьвяты бел-чырвона-белы. Таму і зьехала... Больш у мяне і жонкі нічога няма. Гэта такая бяда. Я ня веру, што такое магло адбыцца...».

На цырымонію разьвітаньня і пахаваньне сабраліся сябры сям’і, якія ведалі Юлю зь дзяцінства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG