Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сьвету заклікалі ўрад стварыць фонд падтрымкі беларускай мовы


Савету міністраў Беларусі варта прыняць дзяржаўную праграму па разьвіцьці і пашырэньні ўжытку беларускай мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця, асабліва ў адукацыі, на бліжэйшыя чатыры гады.

Заклік да гэтага ўтрымлівае рэзалюцыя па мове дэлегатаў VII зьезда беларусаў сьвету, прынятая 16 ліпеня ў Менску, паведамляе БелаПан.

Двухдзённы зьезд беларусаў сьвету быў арганізаваны міжнародным грамадзкім аб’яднаньнем «Згуртаваньне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Удзел у форуме узялі больш за 300 дэлегатаў зь Беларусі і замежжа.

Дэлегаты зьезду лічаць, што для рэалізацыі гэтай праграмы мусіць быць створаны спэцыяльны фонд, які б фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту і за кошт добраахвотных ўнёскаў.

Кіраўніцтву Беларусі, на думку ўдзельнікаў форума, варта зрабіць усё неабходнае, каб новыя юрыдычныя акты прымаліся па-беларуску, а існае заканадаўства было перакладзенае на беларускую мову цягам чатырох гадоў. Законы «Аб мовах», «Аб правах спажыўцоў» і іншыя акты павінны быць зьмененыя такім чынам, каб абедзьве мовы былі абавязковыя для выкарыстаньня.

Сайтам дзяржаўных органаў і арганізацый, лічаць удзельнiкi зьезду, варта за двухгадовы тэрмін займець паўнавартасныя беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў. Апрача таго, павінна быць забясьпечаны рэальны парытэт дзяржаўных моў ва ўсіх дзяржаўных альбо заснаваных з удзелам дзяржавы СМІ.

У той жа час беларускай грамадзкасьці, на іх думку, неабходна зьвяртацца да Адміністрацыі прэзыдэнта, Нацыянальнага сходу, Савета міністраў і прыватна да Міністэрства адукацыі, мясцовых органаў улады з патрабаваньнем «павялічыць колькасьць дашкольных, сярэдніх, сярэдніх спэцыяльных навучальных устаноў зь беларускай мовай выкладаньня і адкрыць вышэйшыя навучальныя ўстановы зь беларускай мовай выкладаньня».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG