Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралія заклікала Расею да супрацоўніцтва дзеля пакараньня вінаватых у гібелі малазійскага «Боінга»


Міністар замежных спраў Аўстраліі Джулі Бішап

Аўстралія настойліва заклікала Расею спрыяць перасьледу падазраваных, якія ў ліпені 2014 года зьбілі самалёт «Боінг-777» «Малайзійскіх авіяліній» МН-17 у небе над Данбасам.

У выніку загінулі 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.

Нідэрляндзкія сьледчыя ў 2015 годзе прыйшлі да высновы, што самалёт быў зьбіты расейскай ракетай «Бук» над тэрыторыямі Украіны, якія ўтрымлівалася сэпаратыстамі.

Аўстралійскі міністар замежных спраў Джулі Бішап заклікала Расею выканаць рэзалюцыю 2166 Рады Бясьпекі ААН, аўтарам якой зьяўляецца Аўстралія. Гэтая рэзалюцыя заклікае ўсе дзяржавы супрацоўнічаць у тым, каб вінаватыя ў забойстве паўсталі перад судом, нагадала Бішап ў сваёй заяве ад 16 ліпеня.

Краіны, прадстаўнікі якіх уваходзяць у аб’яднаную сьледчую групу, прынялі сумеснае рашэньне, што крымінальны працэс па справе катастрофы рэйса MH17 адбудзецца ў судзе ў Нідэрляндах.

Расея, якая адмаўляе любы ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Украіны, таксама адмаўляе, што адна з расейскіх ракет магла быць выкарыстана для зьнішчэньня «Боінга», які выконваў рэйс MH-17.

Большасьць з тых, хто знаходзіўся на борце «Боінга-777» на рэйсе з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, былі галяндзкімі падданымі, а іншыя — з 17 краін, зь іх у тым ліку 38 аўстралійцаў.

У канцы верасьня мінулага года Міжнародная сьледчая група пад кіраўніцтвам пракуратуры Нідэрляндаў абвясьціла першыя афіцыйныя вынікі расьсьледаваньня. У дакладзе гаворыцца, што зэнітна-ракетная ўстаноўка «Бук», зь якой зьбілі «Боінг», была дастаўлена на тэрыторыю Украіны з Расеі. Месца пуску ракеты — пасёлак Першамайскае, які знаходзіўся пад кантролем сэпаратыстаў, якія кантралююцца Расеяй. У сьпіс падазраваных, згодна з дакладам, уваходзяць каля 100 чалавек.

XS
SM
MD
LG