Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня беларускай суполкі ў Эстоніі: «Я дужа непакоюся, што і ў Беларусь прыйдуць «зялёныя чалавечкі»


Зінаіда Клыга на фэстывалі ў Александрыі

71-гадовая Зінаіда Клыга кажа: «Калі беларус хоча застацца беларусам, то і ў Эстоніі ён застанецца ім». Грамадзянку Эстоніі, жыхарку паўночна-ўсходняга эстонскага рэгіёну Іда-Віруамаа, аднак, засмучае, што Беларусь застаецца ў савецкім мінулым, пазбыцца якога ёй не дазваляюцца «братэрскія абдымкі» Расеі.

Пра тое як застацца беларусам у далечыні ад роднага яму краю, як супрацьстаяць асыміляцыі і якой Беларусь бачыцца здалёк Зінаіда Клыга расказала карэспандэнту Свабоды на фэстывалі «Александрыя зьбірае сяброў», які праходзіў у роднай вёсцы Аляксандра Лукашэнкі.

Зінаіда Клыга з самадзейным гуртом зь мястэчка Таміку
Зінаіда Клыга з самадзейным гуртом зь мястэчка Таміку

На купальле ў вёску Александрыя яна прыехала разам з самадзейным гуртком зь мястэчка Таміку. Прэзэнтуючы ансамбаль Зінаіда Клыга назвала сябе эстонскай беларускай. Беларуская мова суайчыньніцы з балтыйскай краіны зьдзівіла грамаду і суцішыла гоман на пляцоўцы перад сцэнаю.

Зінаіда Клыга старшыня Беларуска-эстонскага задзіночаньня. Гісторыя гэтай найстарэйшай беларускай суполкі ў краінах Балтыі, вядомай сваім паэтычным скаротам «БЭЗ», сягае ў 1989 год.

Я адсюль, зь Беларусі

«Я жыву ў Эстоніі з 1947 году, — казала пра сябе пад мэлёдыі эстонскіх песень спадарыня Зінаіда. — Прывезьлі мяне туды бацькі, калі мне было паўтара года. У Менску мне давялося правучыцца чатыры гады. Пазьней я бывала некалькі разоў тут, на Магілёўшчыне, як жывымі былі яшчэ бацькі майго бацькі. Дзявочае прозьвішча маё Францікава. У Магілёве жыве татаў стрыечны брат і ягоная сямʼя. Таму я адсюль, зь Беларусі».

«Калі-некалі я прыяжджаю сюды і мне прыемна бываць тут, адчуваць, што наўкола ўсё роднае, што тут мае карані, — працягвала яна. — Але вяртацца сюды назаўжды я не зьбіраюся. У Эстоніі ўжо магілы маіх крэўных. Там жывуць мае дзеці ды ўнукі. Там мой дом і маё жыцьцё. Цяпер мне 71 год, з іх 69 я пражыла ў Эстоніі».

Да 1991 году, кажа спадарыня Зінаіда, на беларускай мове яна амаль не гаварыла. Упершыню па-беларуску ёй давялося выступаць на зьедзе беларусаў сьвету.

«У мяне добры сябра Васіль Сёмуха. Ён заўсёды са мною гаварыў па-беларуску. Я многа чытаю беларускіх кніг. У Эстоніі стараемся гаварыць між сабой па-беларуску. Ня ўсе і не заўжды, але стараемся», — казала яна далей.

«Зьбіраем залі на 800 чалавек​»​

«У Эстоніі зь дзясятак беларускіх суполак. У нашым Іда-Вірумаа тры суполкі. У Нарве ёсьць „Сябры“, у Сіламяэ „Крыніца“. У Тарту, Таліне, Маарду таксама ёсьць свае. Беларусы ў Эстоніі даволі згуртаваная нацыянальная меншасьць».

«Касьцяк у нашай арганізацыі блізу 50 чалавек. Калі ладзім імпрэзы, то зьбіраем залі на 800 чалавек, — кажа спадарыня Зінаіда. — Прыходзяць на іх ня толькі беларусы. Для нас галоўнае, каб у Эстоніі ведалі, што ёсьць такія беларусы, ёсьць беларуская культура».

Уплыў расейшчыны на беларусаў і ў Эстоніі моцны

Зінаіда Клыга кажа, што і ў Эстоніі беларусам пагражае расейская асыміляцыя, асабліва на паўночна-ўсходнім ускрайку краіны, дзе захоўваецца ўплыў расейшчыны.

«Не эстоншчына паглынае беларусаў, а расейшчына. Расейскамоўныя тэлеканалы, радыё. Расейская прапаганда накатвае на нас валам, — тлумачыць яна. — У нас ёсьць суполкі розных нацыянальнасьцяў, але расейская мова не саступае сваіх пазыцыяў. Хоць эстонская мова і абавязковая, хочаш ня хочаш, але ведаць яе мусіш, нягледзячы на цяжкасьць вывучэньня, аднак і расейская нікуды не дзяецца».

Эстонцы на александрыйскім Купальлі над сваім намётам вывесілі свой сьцяг
Эстонцы на александрыйскім Купальлі над сваім намётам вывесілі свой сьцяг

«У нашым краі Іда-Вікумаа эстонцаў меней, чым расейскамоўных, — казала далей спадарыня Зінаіда. — Гэта прамысловы цэнтар з шахтамі. Сюды зьяжджаліся людзі з усяго Савецкага Саюзу. Так і мае бацькі прыехалі. Тата перацягнуў у Эстонію нямала радні, бо ў Беларусі тады была разруха. Там было дзе працаваць і быў дах над галавой».

«Ён затармазіў разьвіцьцё Беларусі»

«Беларусь затрымалася ў сваім разьвіцьці, — кажа напрыканцы гутаркі Зінаіда Клыга. — Тое, што мы ў Эстоніі прайшлі на пачатку 90-х гадоў, і што было дужа цяжкім, трэба было прайсьці і Беларусі, але спадар, які кіруе ўжо шмат гадоў (ня будзем называць ягонае імя), затармазіў разьвіцьцё. Можа таму, што ён як быў старшынём калгасу так ім і застаўся. Хоць ён і адукаваны чалавек, але застаецца на сваім старшынёўскім узроўні. Яму не хапае сілы, каб супрацьстаяць Расеі. Ён гуляецца зь ёй, але я дужа баюся, што некалі „зялёныя чалавечкі“, якія прыйшлі ва Ўкраіну, прыйдуць і сюды. Тады Беларусь вымушана будзе схіліць галаву і пайсьці ў „братэрскія абдымкі“, якія яе проста згвалтуюць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG