Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «сакрэтнай» сустрэчы з Трампам-малодшым ўдзельнічаў расейскі лабіст Ахметшын


Дональд Трамп слухае выступленьне сына на перадвыбарчым мітынгу ў 2016 годзе

У сустрэчы сына прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа-малодшага з адвакатам з Расеі Натальляй Весяльніцкай у 2016 годзе браў удзел расейскі лабіст Рынат Ахметшын. У размове з агенцтвам Associated Press Ахметшын пацвердзіў факт сустрэчы і тое, што ён «служыў два гады ў контравыведцы ў савецкай арміі».

Паводле амэрыканскіх СМІ, Ахметшын быў супрацоўнікам савецкіх спэцслужбаў, але потым эміграваў у ЗША і цяпер мае падвойнае грамадзянства. Амэрыканская тэлекампанія NBC падкрэсьлівала, што факт прысутнасьці такога чалавека на сустрэчы з Трампам-малодшым павінен зацікавіць камітэт па выведцы ў кангрэсе ЗША і спэцпракурора Робэрта Мюлера, які ўзначальвае расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе.

У пятніцу прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі нічога ня ведаюць пра чалавека па імя Рынат Ахметшын.

На днях сын прэзыдэнта ЗША паведаміў, што ў чэрвені 2016 году сустракаўся з расейскай юрысткай Натальляй Весяльніцкай, якая прапаноўвала кампрамат на суперніцу яго бацькі на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году, кандыдатку ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Як стала вядома з апублікаваных СМІ электронных лістоў, Дональд Трамп-малодшы ахвотна пагадзіўся на сустрэчу.

12 ліпеня прэзыдэнт Трамп заявіў, што яго сын ні ў чым не вінаваты, пракамэнтаваўшы на сваёй старонцы ў твітэры словы Трампа-малодшага аб тым, што сустрэча зь Весяльніцкай ня мела нікай карысьці для перадвыбарчай кампаніі бацькі і таму ён пра яе не распавядаў раней.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG