Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскі актывіст заявіў, што дзяржаўнае ТВ яго абылгала. Сёньня стаў вядомы вынік суду


Вадзім Саранчукоў

Ленінскі раённы суд Горадні не задаволіў пазоў старшыні Гарадзенскай арганізацыі БНФ Вадзіма Саранчукова да Гарадзенскай абласной тэлерадыёкампаніі пра абарону гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.

Суд, аднак, зьвярнуў увагу на парушэньне заканадаўства тэлерадыёкампаніяй, якая своечасова не адказала на скаргу Саранчукова.

Таксама судзьдзя адхіліў хадайніцтва прадстаўніка тэлерадыёкампаніі, які прасіў весьці працэс па-расейску.

Падчас працэсу прадстаўнік тэлерадыёкампаніі настойваў, што распаўсюджаныя ў тэлесюжэце зьвесткі праўдзівыя. Ён сказаў, што Саранчукоў зарэгістраваўся рамесьнікам толькі дзеля дэкрэту № 3 і рамесьніцтвам займаецца фіктыўна, а ягоных працаў ніхто ніколі ня бачыў. Паводле прадстаўніка тэлерадыёкампаніі, пазоўнік 10 гадоў нідзе не працаваў, не плаціў падаткаў, а ягоная сямʼя «карыстаецца льготамі ад ненавіснай дзяржавы».

Саранчукоў заявіў, што распаўсюджаныя тэлерадыёкампаніяй зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, закранаюць яго гонар і дзелавую рэпутацыю. Ён патрабаваў абвергнуць іх, а таксама выдаліць сюжэт з сайту Youtube.com.

Саранчукоў прадставіў суду 4 аркушы са здымкамі сваіх працаў, дамовы з крамай на рэалізацыю сваіх вырабаў і нават шкляны куфаль, на якім нанесены надпіс: «ГТ (Гарадзенская тэлерадыёкампанія. — РС) — ня веру».

У працэсе выступіў прадстаўнік грамадзкасьці Юры Чавусаў, які назваў відэасюжэт гарадзенскага тэлебачаньня прапагандысцкім. А мэтай яго, сказаў Чавусаў, было зганьбіць і прынізіць тых, хто адстойваў свае сацыяльныя правы.

— Відавочна, што мэта гэтага фільму была нанесьці шкоду Саранчукову і іншым людзям, пра якія вялася гаворка ў фільме. У фільме гавораць, што Саранчукоў ненавідзіць Беларусь, але ён прыводзіць канкрэтныя прыклады, што ня толькі любіць Беларусь, а і спрабуе зрабіць яе лепшай. Паказальна і тое, што самі аўтары пасаромеліся прыйсьці ў судовы працэс і схаваліся за плячыма юрыста. Гэта сьведчыць пра тое, што калі ты хлусіш у такіх прапагандысцкіх сюжэтах, то ты наносіш шкоду гонару і годнасьці іншых людзей. Але калі твая хлусьня выкрываецца і становіцца ясна, што вы хлусы, то сытуацыя гэтых людзей незайздросная, і яны самі гэта разумеюць.

Вадзім Саранчукоў, камэнтуючы Свабодзе рашэньне суду, сказаў, што сёньня цуду не адбылося.

— У панядзелак я атрымаю рэзалюцыйную частку і тады буду думаць, што рабіць далей, бо я нават ня ведаю, на якой падставе мой пазоў не задаволены. Беларуская судовая сыстэма чарговым разам не прайшла праверку на адпаведнасьць заканадаўству. Папраўдзе, я спадзяваўся, што рашэньне будзе бліжэй да закону, але цуду не адбылося.

17 красавіка Гарадзенскае абласное тэлебачаньне паказала ў эфіры відэасюжэт «Маршам у нікуды», прысьвечаны пратэстам «недармаедаў» у Горадні. У ім згадваўся і Вадзім Саранчукоў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG