Вярхоўная Рада Украіны 13 ліпеня дала дазвол на прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці і арышт дэпутата ад «Апазыцыйнага блоку» Міхаіла Добкіна. Яго падазраюць у афэрах зь зямлёй.
Паводле генэральнага пракурора Ўкраіны Юрыя Луцэнкі, пракуратура зьвернецца ў суд для абраньня меры стрыманьня Добкіну 14 ліпеня. Луцэнка сказаў, што Добкін нанёс дзяржаве шкоду ня менш чым на 227 мільёнаў грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў).
Сам дэпутат, выступаючы ў Радзе, заявіў, што яго справа «разваліцца ў судзе».
У часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча Добкін быў кіраўніком адміністрацыі Харкаўскай вобласьці, балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах на Украіне ўвосень 2014 году.