У Кітаі ва ўзросьце 61 года памёр Нобэлеўскі ляўрэат Лю Сяoбо. Напярэдадні стала вядома, што ў яго парушанае дыханьне. Родныя адмовіліся перавесьці яго на штучную вэнтыляцыю лёгкіх, стан хворага, паводле ацэнак лекараў, быў крытычны.
У праваабаронцы была дыягнаставаная апошняя стадыя раку печані. У сувязі з гэтым днямі яго перавялі з турмы ў клініку.
Гэтымі днямі замежныя лекары, якія агледзелі дысыдэнта, дапусьцілі магчымасьць яго транспартаваньня для лячэньня за мяжой, але ўлады Кітаю адмовіліся даць на гэта дазвол.
У 2009 годзе праваабаронца, удзельнік дэмакратычных выступаў на плошчы Цяньаньмэнь у Пэкіне ў 1989 годзе, быў засуджаны на 11 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў антыдзяржаўнай дзейнасьці за тое, што ён выступіў суаўтарам маніфэсту «Хартыя-08».
У 2010 годзе Лю Сяобо атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за «непахісную і мірную прапаганду рэформаў». Ён ня змог узяць удзел у цырымоніі ўзнагароджаньня ў Осла, бо быў у турме.