Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скасаваньне ўказу № 585 пра дапамогу шматдзетным прызнана «пасьпешлівым»


Ілюстрацыйнае фота. Шматдзетная сям'я з Магілёва: Алена і Юры Крэні і іх дзеці. Сакавік 2017 году

Міністар архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны падчас сёньняшняй сустрэчы з журналістамі прызнаў, што адмена ўказу № 585 «была дачаснай» і прынёс прабачэньні ўсім, хто апынуўся ў непрыемнай сытуацыі.

Кіраўнік ведамства заявіў, што адправіў Аляксандру Лукашэнку прапанову з просьбай перагледзець заканадаўства, каб сем’і, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў і распачалі будаўніцтва ў 2016-2017 гадах, змаглі скарыстацца субсыдыямі паводле ўказу № 585.

На яго думку, дзеяньне ўказу № 585 будзе распаўсюджана на жылыя дамы, якія будуць здадзеныя не пазьней за першы квартал 2018 году. Анатоль Чорны запэўніў, што сродкі на субсыдаваньне ў дзяржавы ёсьць.

На мінулым тыдні зьявіўся прэзыдэнцкі ўказ № 240 аб адрасных жыльлёвых субсыдыях, які набудзе сілу 6 жніўня і мае замяніць сабой іншы — указ № 585 аб дапамозе маладым і шматдзетным сем’ям пры будаўніцтве жыльля.

Паводле ўказу № 585, маладыя і шматдзетныя сем’і, якія стаялі ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, маглі разьлічваць на датацыі ад дзяржавы пры будаўніцтве ў крэдыт. Сума фінансавай падтрымкі дасягала 50 бюджэтаў пражытковага мінімуму — амаль 5 тысяч даляраў у эквіваленце. Але на пачатку жніўня ўказ спыніць дзеяньне і камэрцыйныя крэдыты давядзецца выплочваць па поўнай стаўцы.

Галоўнае адрозьненьне ўказу № 240 у тым, што атрымаць субсыдыю грамадзяне змогуць толькі ў парадку чаргі. І калі хтосьці не пасьпее атрымаць фінансавую дапамогу да таго, як стары ўказ страціць сілу, яе не атрымае — новы дакумэнт ня мае нічога агульнага з папярэднім.

Такім чынам, маладыя і шматдзетныя сем’і, якія разьлічвалі на субсыдыі і ўзялі камэрцыйныя крэдыты пад 20%, трапілі ў бязвыхадную сытуацыю — калі да 6 жніўня іх дамы не здадуць, паводле 585-га ўказу на субсыдыі можна не разьлічваць. У той час, як паводле 240-га яны таксама выключаныя, бо ў тым выпадку ўсё вырашаецца ў парадку чарговасьці.

Адпаведна, тыя, хто распачалі будаўніцтва летась і сёлета, застаюцца сам-насам зь вялізнымі выплатамі па крэдытах, паколькі субсыдыі паводле ранейшага ўказу адрасаваліся толькі тым, хто браў камэрцыйныя пазыкі на жыльлё.

Цяпер вяртаецца надзея, што дзяржава ўсё ж перагледзіць пасьпешлівае рашэньне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG