Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кангрэс унесеная прапанова аб імпічмэнце прэзыдэнта Трампа

Сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Брэд Шэрман
Сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Брэд Шэрман

Сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША дэмакрат ад Каліфорніі Брэд Шэрман унёс у сераду ў Кангрэс прапанову аб імпічмэнце прэзыдэнта Трампа.

Брэд Шэрман тлумачыць сваё патрабаваньне тым, што Дональд Трамп дапусьціў найцяжэйшае парушэньне закону, а менавіта перашкодзіў ажыцьцяўленьню правасудзьдзя, адправіўшы ў адстаўку дырэктара ФБР Комі, які быў куратарам расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў леташняй перадвыбарчай кампаніі.

Кангрэсмэн спасылаецца на словы звольненага дырэктара ФБР, які заявіў, што прэзыдэнт дамагаўся ад яго спыненьня расьсьледаваньня кантактаў свайго былога памочніка ў нацыянальнай бясьпецы Майкла Фліна з расейскімі прадстаўнікамі.

Гэта першая фармальная заканадаўчая ініцыятыва з патрабаваньнем аб датэрміновым спыненьні паўнамоцтваў Трампа. Сёньня яе падтрымліваюць толькі два кангрэсмэны. Кіраўніцтва дэмакратаў ня ўпэўненае ў своечасовасьці такога кроку, паколькі за прапанову аб імпічмэнце павінна прагаласаваць большасьць чальцоў ніжняй палаты, а ў рэспубліканцаў сёньня там перавага ў 46 галасоў. У якасьці альтэрнатывы апазыцыя прапануе Кангрэсу заснаваць незалежную камісію і даручыць ёй высьветліць, ці мела месца падчас прэзыдэнцкай гонкі змова паміж камандай Трампа і Крамлём.

Намесьніца прэс-сакратара Белага дома Сара Гакабі-Сандэрс ахарактарызавала прапанову каліфарнійскага дэмакрата як «форменнае глупства і палітыканства ў найгоршым выглядзе».

Сара Гакабі-Сандэрс
Сара Гакабі-Сандэрс

XS
SM
MD
LG