Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры прычыны, чаму беларуску Купчыну не прызначылі генэральным сакратаром АБСЭ


Алена Купчына

Новым генэральным сакратаром Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) стане швэйцарскі дыплямат Томас Грэмінгер.

На гэтую пасаду прэтэндавала і беларуская дыпляматка Алена Купчына. Сёньня яна ачольвае амбасаду Беларусі ў Аўстрыі і па сумяшчальніцтве ў Харватыі, а таксама прадстаўляе Беларусь у АБСЭ ды іншых міжнародных арганізацыях, якія працуюць у Вене.

Свае меркаваньні, чаму спадарыня Купчына і беларуская дыпляматыя атрымалі паразу, выказваюць Андрэй Елісееў, аналітык варшаўскага дасьледчага цэнтру EAST, і адзін зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

Тры прычыны: разгоны, імідж, выгнаньне КНГ АБСЭ

Андрэй Елісееў называе тры галоўныя прычыны, паводле якіх Алену Купчыну не прызначылі Генэральным сакратаром АБСЭ:

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

«Разгоны мірных акцый сёлетняй вясной — гэта раз. Адмоўны імідж Беларусі ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека — два. Беларускія ўлады, калі называць рэчы сваімі імёнамі, у свой час фактычна пагналі з Менску кансультатыўна-назіральную групу АБСЭ — тры.

Таму хто ж будзе за ўсё гэта ўзнагароджваць Беларусь?! Бо пасада генэральнага — гэта ў пэўнай ступені ўзнагарода і прызнаньне аўтарытэту не канкрэтнага дыплямата, а ўсёй краіны».

Чацьвёртая прычына паразы МЗС — дзеяньні МУС

Андрэй Дзьмітрыеў перакананы: за тое, што Алену Купчыну не прызначылі на высокую пасаду, МЗС Беларусі можа «падзякаваць» МУС Беларусі — празь «вясновы „парад“ сякернай сілы».

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

«Але сама спроба добрая. Нам ёсьць чаму павучыцца ў палякаў у прасоўваньні сваіх людзей у міжнародныя структуры. А яшчэ вельмі добра, што ўлада адчуе залежнасьць паміж тым, што яна робіць унутры краіны і магчымасьцю рэалізацыі яе ж грандыёзных плянаў.

Аляксандар Лукашэнка хоча быць ініцыятарам новага перамоўнага мірнага працэсу „Хэльсінкі-2“. Гэта відавочна важна ня толькі для краіны, але і для яго асабіста. Абраньне Алены Купчыной на высокую пасаду ў АБСЭ было б важным крокам наперад у гэтым пытаньні. Гэтага не адбылося. І адна з прычынаў — імідж краіны. Ён сёньня недастаткова добры праз сыстэматычнае парушэньне правоў чалавека, палітычных свабодаў, ціску на бізнэс і гэтак далей, адсутнасьці значнага прагрэсу ў гэтых сфэрах. Усё мае значэньне. А гэта непасрэдна ўплывае на шанцы рэалізацыі задумы ўлады пра Менск як пастаянную перамоўную пляцоўку».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG