Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Аляксей Дзермант жахаецца «беларускага сьвету»?


Валер Карбалевіч

Мой папярэдні блог з крытычнай ацэнкай артыкулу Юрыя Шаўцова выклікаў пэўную цікавасьць у сацыяльных сетках, у прыватнасьці на «Фэйсбуку».

На сайце IMHOclub у абарону Шаўцова і ў палеміку са мной уступіў Аляксей Дзермант. Артыкул называецца «Манифест Карбалевича. Кредо белорусского национализма».

Лічу сябе хутчэй лібэралам, чым нацыяналістам, і менавіта зь лібэральнага гледзішча бачу неабходнасьць фармаваньня беларускай этнанацыянальнай ідэнтычнасьці, асабліва ў момант рэальнай пагрозы з боку «русского мира». Хоць гэтая палеміка больш каштоўнасная, часткова нават ідэалягічная, тым ня менш думаю, што ў спрэчцы людзей з рознымі каштоўнасьцям таксама варта карыстацца рацыянальнымі аргумэнтамі.

Аляксей Дзермант выкарыстоўвае даволі распаўсюджаны ў дыскусіях, але некарэктны прыём: прыпісаць свайму апанэнту тое, чаго ён не казаў, а потым зь пераможным выглядам яго абвергнуць і выкрыць. Вось, напрыклад, крытыкуючы мяне, ён піша: «Савецкі пэрыяд у гісторыі Беларусі ўспрымаецца як каляніяльны. Для нацыяналістаў не існуе разьвіцьця ў БССР беларускай навукі, культуры і адукацыі, станаўленьня асноўных інстытутаў дзяржаўнасьці і эканомікі».

Каляніяльны статус зусім не адмаўляе разьвіцьця. Самы вядомы прыклад — Паўночна-амэрыканскія калёніі Англіі, цяперашнія ЗША. Разьвіцьцё ў БССР было, але ж быў і ГУЛАГ, Курапаты.

Я такога не казаў, каляніяльны статус зусім не адмаўляе разьвіцьця. Самы вядомы прыклад — Паўночна-амэрыканскія калёніі Англіі, цяперашнія ЗША. Разьвіцьцё ў БССР было, але ж быў і ГУЛАГ, Курапаты.

Ці вось яшчэ. Калі ты беларускі нацыяналіст — значыць, прыхільнік пранацысцкіх калябарантаў. Гэта як прадстаўнік Міністэрства абароны Макараў усіх праціўнікаў параду абазваў «ідэйнымі нашчадкамі Вільгельма фон Кубэ». Танныя прыёмы, непрыдатныя для сур’ёзнай палемікі.

Але больш варты ўвагі наступны аргумэнт. Дзермант абвінавачвае нацыяналістаў у тым, што яны выкарыстоўваюць «ня праўду, ня факты, а міт», «міталёгію замест рэальнасьці».

Трохі пацешна выглядае чалавек, які мае манаполію на праўду. Але тут варта канстатаваць, што мой апанэнт пераводзіць дыскусію з тэарэтычнага ўзроўню на ўзровень звычайнай сьвядомасьці.

Любы мэтадоляг вам скажа, што гульня ў факты робіць спрэчку бессэнсоўнай. У пацьверджаньне самай абсурднай тэорыі можна знайсьці факты.

Масавая сьвядомасьць грамадзтва апэруе не навуковымі канцэпцыямі, а мітамі. Нацыянальныя, гістарычныя міты ляжаць у падмурку сьветапогляду соцыюму любой краіны ў любую эпоху.

Але праблема ў іншым. Масавая сьвядомасьць грамадзтва апэруе не навуковымі канцэпцыямі, а мітамі. Нацыянальныя, гістарычныя міты ляжаць у падмурку сьветапогляду соцыюму любой краіны ў любую эпоху. Міт — гэта інтэрпрэтацыя вядомых фактаў. Неяк нават дзіўна даводзіць гэтыя элемэнтарныя рэчы.

Спадар Дзермант, усяляк крытыкуючы міталёгію нацыяналістаў, насамрэч выкладае свой міт. Уся розьніца паміж мною і Дзермантам (а таксама Шаўцовым) у тым, што яны прапануюць міт «русского мира», а я — беларускі міт.

Міталёгія Дзерманта палягае ў тым, што сучасная Беларусь стаіць на ідэйным падмурку БССР, таму трэба абнуліць усю гісторыю народу да 1917 году.

Але ва ўсім сьвеце працэс нацыятварэньня грунтуецца на тым, што гістарычныя міты, якія ляжаць у аснове нацыянальнай сьвядомасьці, павінны даказваць, што наша дзяржава мае глыбокія карані. Чым глыбейшыя, тым лепш. Адрынаць усю ранейшую гісторыю — гэта значыць калечыць гістарычную памяць соцыюму.

Фармаваньне нацыі і нацыянальнай дзяржаўнасьці патрабуе дыстанцыяваньня ад каляніяльнай (у нашым выпадку ад расейскай і савецкай) спадчыны.

Фармаваньне нацыі і нацыянальнай дзяржаўнасьці патрабуе дыстанцыяваньня ад каляніяльнай (у нашым выпадку ад расейскай і савецкай) спадчыны. Так адбываецца ва ўсіх постсавецкіх дзяржавах. Бо калі будаваць нацыю на ідэйным грунце імпэрыі, мэтраполіі, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: калі мы рускія, то чаму мы жывём у асобнай дзяржаве? Да чаго гэта можа прывесьці, выдатна ілюструе гісторыя з Крымам.

Тут я хачу спаслацца на вельмі аўтарытэтнага для А. Дзерманта чалавека, на Аляксандра Лукашэнку. 28 лютага кіраўнік Беларусі зьвярнуў увагу на адну з навуковых прац, вылучаную на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі. Яна называлася «Вытокі беларускай дзяржаўнасьці: Полацкая і Віцебская землі ў IX-XVIII стагодзьдзях». Ён пахваліў яе і заявіў: «Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду. Тут калі і ёсьць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы».

Выступаючы 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Незалежнасьці Беларусі, Лукашэнка адзначыў, што «ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла чырвонай ніткай праз усе пакаленьні», што яе асновы зарадзіліся яшчэ ў далёкім ІХ стагодзьдзі, што «Полацкае княства — наша гістарычная калыска». І ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці стаялі не героі-партызаны, а такія асьветнікі і падзьвіжнікі, як Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Сымон Будны. Прычым, у адрозьненьне ад прыхільнікаў «русского мира», якія разглядаюць Полацкае княства як складовую частку адзінай Старажытнай Русі, зь якой паўстала Расея, у інтэрпрэтацыі Лукашэнкі Полацкае княства зьяўлялася ня толькі самастойнай дзяржавай, але яго гісторыя вылучаецца з агульнай расейскай гісторыі і нават супрацьпастаўляецца ёй.

«Тады ягоныя жыхары самастойна вызначалі свой лёс. На народным вечы выбіралі правадыроў зь ліку самых мужных і мудрых прадстаўнікоў сваёй зямлі, — сказаў беларускі кіраўнік. — А ў той час да многіх народаў дзяржаўнасьць прыйшла разам з варагамі». То бок рускія без варагаў нават уласную дзяржаву былі ня здольныя стварыць. І яшчэ адна рэпліка, закліканая прадэманстраваць перавагу беларусаў перад расейцамі ў тым ліку:

«Значна раней за шматлікіх нашых суседзяў — 500 гадоў таму — мы авалодалі друкаваным словам». Як кажуць у народзе, «вас там не стаяла». Бацькоў-заснавальнікаў БНР Лукашэнка назваў дзеячамі, адухоўленымі высокімі ідэямі.

На нашых вачах на дзяржаўным узроўні фармуецца новы беларускі гістарычны міт. Бо пасьля Крыму кіраўніцтва Беларусі адчула рэальную пагрозу з боку «русского мира».

Такім чынам на нашых вачах на дзяржаўным узроўні фармуецца новы беларускі гістарычны міт. Бо пасьля Крыму кіраўніцтва Беларусі адчула рэальную пагрозу з боку «русского мира». І абаронай ад яго становіцца новая міталёгія, якая павінна паказаць, што мы не зьяўляемся часткай «русского мира», мы іншыя, мы «беларускі сьвет». Гэта дыктуе інстынкт самазахаваньня беларускага соцыюму.

Я разумею, чаму Дзермант імкнецца абнуліць гісторыю, абмежаваць яе 1917 годам. Бо падчас Вялікага Княства Літоўскага Беларусь была часткай эўрапейскай цывілізацыі. А далучэньне да Расеі прывяло да зьмены цывілізацыйнага коду. І Дзермант баіцца вяртаньня беларускага сацыюму ў свой натуральны стан.

Расея выкарыстоўвае культ перамогі ў якасьці маральнага і палітычнага апраўданьня курсу на імпэрскі рэванш, на агрэсію супраць суседніх дзяржаваў.

Што тычыцца культу перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Справа ў тым, што дыскусіі вакол гэтага пытаньня перасталі насіць акадэмічны характар, а сталі часткай вялікай палітыкі ў суседняй дзяржаве. Расея выкарыстоўвае культ перамогі ў якасьці маральнага і палітычнага апраўданьня курсу на імпэрскі рэванш, на агрэсію супраць суседніх дзяржаваў. Лёзунгі на машынах з георгіеўскімі стужкамі «На Бэрлін!» зусім не бяскрыўдныя. Невыпадкова кіраўніцтва Беларусі не рэкамэндуе выкарыстоўваць падчас сьвяткаваньня георгіеўскія стужкі. Бо зь іх пачынаўся захоп Данбасу.

Такім чынам, беларуская дзяржаўнасьць і прыхільнасьць «русскому миру» становяцца чым далей, тым больш несумяшчальнымі паняцьцямі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG