11 ліпеня ўсе 28 краінаў Эўразьвязу афіцыйна ўхвалілі пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам. Гэта канчатковы крок у працэсе ратыфікацыі, і цяпер пагадненьне мае ўступіць у сілу сёлета 1 верасьня.
Пагадненьне прадугледжвае шчыльныя эканамічны і палітычныя стасункі паміж Украінай і Эўразьвязам, але не прадугледжвае чальцоўства Ўкраіны ў ЭЗ.
Першапачаткова пагадненьне меліся падпісаць яшчэ ў лістападзе 2013 году. Але тагачасны ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч пад ціскам з Масквы адмовіўся ад падпісаньня. Гэта выклікала масавыя пратэсты, у выніку якіх Януковіч страціў уладу ў лютым 2014 году і зьбег з Украіны ў Расею.
Расея ў адказ анэксавала Крым і дала вайсковую і эканамічную дапамогу сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны. У ваенным канфлікце загінулі больш за 10 000 чалавек.
Цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў пагадненьне ў чэрвені 2014 году, але працэс ратыфікацыі зацягнуўся, і 61 працэнт выбарнікаў у красавіку 2016 году прагаласавалі супраць яго на рэфэрэндуме ў Нідэрляндах, хоць рэфэрэндум і ня меў абавязковай юрыдычнай сілы.
У сьнежні 2016 году ўрад Нідэрляндаў дамогся, каб у пагадненьні быў дадатак, у якім гаворыцца, што яно не дае Ўкраіне права на аўтаматычнае чальцоўства ў Эўразьвязе і не абавязвае Эўразьвяз даваць Украіне вайсковую падтрымку. Пасьля гэтага сёлета абедзьве палаты нідэрляндзскага парлямэнту ратыфікавалі пагадненьне.