Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Указ аб жыльлёвых субсыдыях скасаваў ранейшы — пра дапамогу маладым і шматдзетным сем’ям. Каму стане горш?


Прэзыдэнцкі ўказ № 240 аб адрасных жыльлёвых субсыдыях, які набудзе сілу 6 жніўня, як выявілася, заменіць сабой іншы — указ № 585 аб дапамозе маладым і шматдзетным сем’ям пры будаўніцтве жыльля.

Гэта стала зразумела з тлумачэньня, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дагэтуль была распаўсюджаная інфармацыя прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, што новы від падтрымкі ўводзіцца ў дадатак да існай сыстэмы льготнага крэдытаваньня.

Такім чынам, рынак жыльля, якое ўзводзіцца зь дзяржаўнай падтрымкай, чакаюць істотныя зьмены. Напрыклад, паводле ўказу № 585, маладыя і шматдзетныя сем’і, якія стаялі ў чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, маглі разьлічваць на датацыі ад дзяржавы пры будаўніцтве ў крэдыт. Сума фінансавай падтрымкі дасягала 50 бюджэтаў пражытковага мінімуму — амаль 5 тысяч даляраў у эквіваленце. Але на пачатку жніўня ўказ спыніць дзеяньне і камэрцыйныя крэдыты давядзецца выплочваць па поўнай стаўцы.

У Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва пацьвердзілі, што ўказ № 585 сапраўды страціць сілу празь месяц пасьля ўступленьня ў сілу іншага — № 240. Як сказаў падчас тлумачэньня сутнасьці новаўвядзеньня начальнік упраўленьня жыльлёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, якога цытуе БелТА, калі хтосьці не пасьпее атрымаць фінансавую дапамогу да таго, як стары ўказ страціць сілу, яе не атрымае — новы дакумэнт ня мае нічога агульнага з папярэднім.

Галоўнае адрозьненьне ўказу № 240 у тым, што атрымаць субсыдыю грамадзяне змогуць толькі ў парадку чаргі. Пры гэтым пашыраецца і кола прэтэндэнтаў.

Акрамя традыцыйных катэгорый, на атрыманьне дзяржпадтрымкі змогуць прэтэндаваць пракурорскія работнікі, якія звальняюцца са службы, а таксама грамадзяне, якія пражываюць у паўднёва-ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласьці. Чаму менавіта яны, не ўдакладняецца.

Паводле чыноўніка, сума падтрымкі будзе разьлічвацца, зыходзячы з колькасьці сямейнікаў, нармаваных памераў жылога памяшканьня і гранічнага нарматыву кошту будаўніцтва.

«Субсыдыя будзе выплочвацца штомесяц у пэрыяд крэдытаваньня, — адзначыў ён. — Пры зьмене складу сям’і яе памер будзе зьмяняцца: пералічвацца базавы кошт крэдыту, уносіцца зьмены ў рашэньне выканкаму і карэктавацца канчатковая сума».

Чыноўнік прызнаў, што будаўніцтва жыльля з выкарыстаньнем субсыдый абыдзецца льготніку даражэй, затое зьяўляецца магчымасьць хутчэй палепшыць умовы пражываньня. Паводле яго, калі ў адпаведнасьці з дэкрэтам № 13 сям’я з трох чалавек за кватэру 60 квадратных мэтраў плаціць па крэдыце 224 рублі, то паводле новага ўказу будзе плаціць 347 рублёў. Для грамадзян з траімі дзецьмі выплата па крэдыце павялічыцца ўдвая — ад 40 да 80 рублёў. «Але гэта пад’ёмная сума для тых, хто сапраўды хоча палепшыць свае жыльлёвыя ўмовы», — лічыць Аляксандар Горваль.

Памер субсыдыі залежыць ад стаўкі рэфінансаваньня, а значыць, будзе мяняцца згодна з паказьнікамі Нацбанку. Што тычыцца ўласна мэханізму фінансаваньня, то ён будзе цэнтралізавана фармавацца пры зацьвярджэньні бюджэту на чарговы фінансавы год. Міністэрства фінансаў мусіць пералічваць сродкі ў бюджэты рэгіёнаў і сталіцы, пасьля чаго выканкамы змогуць прымаць рашэньне аб выдзяленьні субсыдый ільготнікам для будаўніцтва.

Пад рэалізацыю праекту папярэдне выдзелена 135 мільёнаў рублёў. Зь іх 60 мільёнаў — сродкі «Беларусбанку», 75 мільёнаў — «Белаграпрамбанку». Гэтая сума прадугледжвае будаўніцтва прыкладна 4 тысяч кватэраў. Паводле афіцыйных зьвестак, у чарзе на атрыманьне жыльля ў Беларусі зарэгістравана амаль 700 тысяч чалавек, прычым палова прыпадае на Менск. Прыблізна 15% ад агульнай колькасьці маюць права на льготы.

XS
SM
MD
LG