Украінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка абвясьціў, што Ўкраіна і NATO пачынаюць дыскусію па пляне чальцоўства ў альянсе. Такую заяву Парашэнка зрабіў на супольнай прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам.
У панядзелак у Кіеве таксама адбылося пасяджэньне Рады NATO. Апошні раз мерапрыемства такога ўзроўню праходзіла ва Ўкраіне амаль 10 гадоў таму.
Першы раз за апошнія дзевяць гадоў прыехаў зь візытам ва Ўкраіну і генэральны сакратар NATO. Ён пацьвердзіў намер паглыбіць супрацоўніцтва з Кіевам:
Расея працягвае агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны, але NATO і краіны альянсу падтрымліваюць Украіну і застаюцца на вашым боку.
«Расея працягвае агрэсіўныя дзеяньні супраць Украіны, але NATO і краіны альянсу падтрымліваюць Украіну і застаюцца на вашым боку, — сказаў Столтэнбэрг. — NATO — сябар Украіны гэтак жа, як Украіна — сябар NATO».
Пазней, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, Столтэнберг заявіў:
«Украіна — сувэрэнная дзяржава, і яна мае права выбіраць сваю структуру бясьпекі. У мінулым месяцы NATO прыняла ў свае шэрагі Чарнагорыю ў якасьці 29-га чальца альянсу. Гэта сьведчыць аб тым, што дзьверы NATO застаюцца адкрытымі. Але шлях да набыцьця чальцоўства ў NATO няпросты. Краіна, якая спрабуе стаць на гэты шлях, павінна прадэманстраваць прыхільнасьць да рэформаў».
Прэзыдэнт Парашэнка, у сваю чаргу, сказаў, што менавіта расейская агрэсія падштурхоўвае Украіну да NATO. Ён назваў альянс «самым эфэктыўным ў сфэры бясьпекі», але прызнаў, што аб рэальнай заяўцы на чальцоўства ў альянсе гаворкі пакуль не ідзе. І сьледам за Столтэнбэргам ён падкрэсьліў важнасьць рэформаў:
Наш прыярытэт — інтэграцыя ў Эўраатлянтычную сыстэму бясьпекі.
«Гэта азначае, што нам трэба выбудаваць рэальную праграму рэформаў, — сказаў Парашэнка. — Мы гатовыя да гэтага, у нас ёсьць амбіцыйная праграма рэфармаваньня сектару абароннай бясьпекі, распрацаваная з удзелам партнэраў з NATO. З гэтага часу наш прыярытэт — інтэграцыя ў Эўраатлянтычную сыстэму бясьпекі з мэтай стаць сябрам арганізацыі паўночнаатлянтычнага дагавору».