Як паведамляе ўкраінскае агенцтва УНІАН са спасылкай на прэс-службу пракуратуры Адэскай вобласьці, падазрваны хаваўся ад сьледзтва пад чужым прозьвішчам па-за межамі Ўкраіны, але на мінулым тыдні яго затрымалі ў доме сваяка, які пражывае ў Адэсе.
Прыморскі раённы суд пастанавіў утрымліваць падазраванага пад вартай. Паводле сьледзтва, затрыманы, хаваючы твар пад маскай і каскай, браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках на Грэцкай плошчы ў Адэсе 2 траўня 2014 году.
Затрыманаму паведамлена пра падазрэньні паводле часткі 2 артыкулу 294 Крымінальнага кодэксу Украіны (масавыя беспарадкі, якія прывялі да гібелі людзей). Як паведаміла УНІАН інфармаваная крыніца ў адэскай паліцыі, затрыманы зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. Пры гэтым не паведамляецца, ці ён быў прарасейскім, ці праўкраінскім актывістам.
2 траўня 2014 году на марш футбольных фанатаў і праўкраінскіх сілаў напалі прарасейскія актывісты з агнястрэльнай зброяй. Падчас сутыкненьняў прыхільнікаў Эўрамайдану і Антымайдану агулам загінулі 48 чалавек, больш за 200 былі параненыя. Большасьць ахвяраў былі прарасейскімі актывістамі, якія згарэлі ў Доме прафсаюзаў.