Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лета з амэрыканкай»: краўдфандынг-кампанія ператвараецца ў літаратурную прэмію


Дом творчасьці ў Вісьбю на востраве Готлянд.

На плятформе «Улей» трэці тыдзень працягваецца збор сродкаў на новую кніжную сэрыю «Амэрыканка», якая аб’ядноўвае кнігі аўтараў Паўночнай Амэрыкі ХХ і ХХІ стагодзьдзя.

У адмыслова разасланым з гэтай нагоды прэсавым рэлізе гаворыцца, што ў 2017 годзе, у выпадку посьпеху кампаніі, выйдуць раманы Кена Кізі, Чака Паланюка, Чарлза Букоўскага і Маргарэт Этвуд.

Каб прыцягнуць увагу да кніжнай кампаніі, Саюз беларускіх пісьменьнікаў — адзін з важных партнэраў «Амэрыканкі» — прызначае прыз за найлепшы грашовы вынік. Той перакладчык, кніга ў перакладзе якога зьбярэ чытацкіх замоваў на большую суму, атрымае ў якасьці ўзнагароды месяц творчага адпачынку ў Балтыйскім цэнтры для пісьменьнікаў і перакладчыкаў на высьпе Готлянд, Швэцыя.

«Усе перакладчыкі працавалі бясплатна, — падкрэсьлівае старшыня СБП Барыс Пятровіч, — на сёньня выдаўцы, на жаль, ня ў стане забясьпечыць ганарары за гэтую тытанічную працу. Наша імправізаваная прэмія ня можа замяніць грошы, і разам з тым гэта нешта большае за грошы. Тым, хто змушаны працаваць на нятворчай працы, каб зарабіць на жыцьцё, адпачынак у літаратурным цэнтры дае магчымасьць пісаць і перакладаць».

Спаборніцтва адбудзецца паміж чатырма перакладчыкамі: Аляксеем Знаткевічам, які пераклаў «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі, Сержам Мядзьведзевым, які пераклаў «Байцоўскі клюб» Чака Паланюка, Ігарам Куліковым, які пераклаў «Чытво» Чарлза Букоўскага, і Вольгай Калацкай — перакладчыцай празаічнай часткі з «Пэнэляпіяды» Маргарэт Этвуд. Сыстэма падліку галасоў вельмі простая — будуць суміравацца замовы на кожную кнігу ў электронным і папяровым фармаце. Колькасьць спонсараў, якія падтрымалі той ці іншы лот, адлюстроўваецца на лічыльніку кампаніі.

Пазнаёміцца з урыўкамі перакладаў можна на сайце часопісу «Прайдзісвет»:

Кен Кізі, «Палёт над гняздом зязюлі»

Чак Паланюк, «Байцоўскі клюб»

Чарлз Букоўскі, «Чытво»

Маргарэт Этвуд, «Пэнэляпіяда»

Збор сродкаў працягнецца да 22 жніўня.

XS
SM
MD
LG