Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя аб’екты ўсясьветнай спадчыны UNESCO: беларускіх няма


Сынкавіцкая царква-крэпасьць прэтэндуе на ўключэньне ў сьспіс усясьсветнай спадччыны UNESCO.

У Кракаве з 2 па 12 ліпеня адбываецца 41-я сэсія Камітэту ўсясьветнай спадчыны UNESCO — спэцыялізаванага агенцтва ААН. Камітэт разгледзеў заяўкі на ўключэньне 33-х аб’ектаў у Сьпіс усясьветнай спадчыны, а таксама ацаніў стан захаванасьці 99-ці аб’ектаў усясьветнай спадчыны і 55-ці аб’ектаў у Сьпісе ўсясьветнай спадчыны, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Сёньня агульны сьпіс Усясьветнай спадчыны уключае ў сябе 1052 аб’екты ў 165 краінах.

Падчас сэсіі было прынятае рашэньне ўключыць у Сьпіс усясьветнай спадчыны, сярод іншых, наступныя аб’екты:

Стары горад Гэброн / Аль-Халіль, які залічаны да палестынскай спадчыны

Нацыянальны парк Лёс-Алерсэс у Аргентыне

Запаведнік Кукушылі ў Кітаі

Храмавы комплекс Самбор-Прэй-Кук у Камбоджы

Горад Агмадабад у Індыі

Горад Афрадызіяс у Турэччыне

Азёрны край у Вялікай Брытаніі

Археалягічны помнік «Прыстань Валонгу» ў Бразыліі

Пашырэньне аб’ектаў усясьветнай спадчыны:

Эўрапейскі гарадзкі краявід Страсбургу Ґранд-Іль — далучаны Нойштат (Францыя).

Школа мастацтва і дызайну «Баўгаўс» і зьвязаныя зь ёю аб’екты ў Ваймары і Дэсаў — далучаныя будынкі ў Дэсаў і Бэрнаў (Нямеччына)

Таксама ў Сьпіс сусьветнай спадчыны былі ўключаныя польскія Тарнаўскія горы, расейскі манастыр і сабор у Сьвіяжску і ляндшафт Даўрыя ў Манголіі і Расеі.

Палітычныя спрэчкі і пратэсты выклікала рашэньне залічыць спадчыну Гэброну выключна да палестынскай, а не габрэйскай культуры.

***

У Сьпісе ўсясьветнай спадчыны UNESCO ў Беларусі значацца 4 аб’екты: Мірскі замак, Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс, геадэзічная дуга Струвэ і Белавеская пушча. Тры першыя абраныя паводле культурных крытэраў, пушча — як прыродны фэномэн.

Апроч гэтага, яшчэ некалькі аб’ектаў прэтэндуюць на ўключэньне ў папярэдні сьпіс. Сярод іх Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Калоская) царква ў Горадні, культавыя збудаваньні абарончага тыпу — царква Раства Багародзіцы ў Мураванцы, Сьвятога Міхала ў Сынкавічах і касьцёл Яна Хрысьціцеля ў Камаях, драўляныя храмы Палесься, як прыклад — Сьвята-Мікіцкая царква ў Зьдзітаве.

Частку аб’ектаў, заяўленых беларускім бокам, UNESCO з розных прычынаў выключыла з папярэдняга сьпісу. Гэта Бярэзінскі біясфэрны запаведнік, матэрыяльнае ўвасабленьне духоўнай спадчыны сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, Камянецкая вежа, Сьвята-Мікольскі жаночы манастыр у Магілёве, Берасьцейская фартэцыя, Гомельскі палацава-паркавы ансамбаль, менскі праспэкт Незалежнасьці.

XS
SM
MD
LG