Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявілася дыпляматычнае прадстаўніцтва Нідэрляндаў


Генэральны сакратар МЗС Нідэрляндаў Яганна Брант

На цырымонію прыбыла генэральны сакратар МЗС Нідэрляндаў Яганна Брант.

Спадарыня Брант заявіла, што для Нідэрляндаў гэта вельмі важна — адкрыць першае ў сваёй гісторыі дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі.

«Пакуль тут будзе працаваць часовы павераны, а амбасадарам будзе галяндзкі дыплямат, які працуе цяпер амбасадарам у Польшчы і па сумяшчальніцтве будзе працаваць і ў Беларусі. Але гэта новая старонка ў дыпляматычных дачыненьнях дзьвюх краінаў, якая прыпадае на 25-ю гадавіну іх устанаўленьня».

І міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, і Яганна Брант пацьвердзілі, што тэмай іх перамоваў, якія адбыліся сёньня раніцай, стала пашырэньне супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі.

Ўладзімер Макей і Яганна Брант
Ўладзімер Макей і Яганна Брант

Як сказаў спадар Макей, «дыялёг паміж МЗС Нідэрляндаў і Беларусі праводзіцца, праводзіцца пасьпяхова, але ў гэты дыялёг патрэбна ўцягваць новыя структуры — афіцыйныя, грамадзкія, бізнэс-супольнасьць».

Макей падкрэсьліў, што Нідэрлянды заўжды ўваходзілі ў дзясятку першых краінаў, якія маюць найбольш вялікі таваразварот зь Беларусьсю. Аднак за апошнія гады гэты таваразварот паменшыўся прыкладна ў 3,5–4 разы. Таму, акрамя разьвіцьця палітычных і грамадзкіх сувязяў, перад аддзяленьнем амбасады Нідэрляндаў у Беларусі стаіць задача вярнуцца да старога таваразвароту.

Уладзімер Макей таксама сказаў, што ёсьць яшчэ некалькі эўрапейскіх краінаў, якія хацелі б пайсьці шляхам Нідэрляндаў і адкрыць свае прадстаўніцтвы ў Беларусі. Для іх важна атрымліваць інфармацыю зь першых рук, а сытуацыя ў Менску мяняецца, і таму ўрады розных краінаў, асабліва эўрапейскіх, хочуць мець дакладную і хуткую інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG