Два бакі сырыйскага канфлікту на 9 чэрвеня пераважна прытрымліваліся ўмоваў замірэньня, аб пачатку якога яны дамовіліся праз прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. Паводле арганізацыі «Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека», на паўднёвым захадзе краіны «пануе спакой», нягледзячы на асобныя нязначныя парушэньні.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у Twitter: «Падобна, што прыпыненьне агню ў Сырыі трывае. Многія жыцьці могуць быць уратаваныя. Гэта вынік сустрэчы. Добра!»
Пагадненьне аб дээскаляцыі мае на мэце аддзяліць сілы сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада і падтрыманых ЗША антыўрадавых паўстанцаў, паміж якімі больш за шэсьць гадоў працягваецца грамадзянская вайна. Спыненьне агню ахоплівае правінцыі Дараа, Швэйда і Кунэйтра ўздоўж мяжы з Іярданіяй, якая таксама выступае гарантам захаваньня дамоўленасьцяў.
Замірэньне ня тычыцца барацьбы з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» — трэцім асноўным бокам сырыйскага канфлікту.