6 ліпеня 2017 года прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў папраўкі да закону аб актывістах антыкамуністычнай апазыцыі і асобах, якіх перасьледавалі з палітычных прычынаў.
Згодна з папраўкамі, гэтыя людзі будуць штомесяц атрымліваць грашовую дапамогу ў памеры 402,72 злотага. Яна даецца бестэрмінова і без уліку даходаў.
Папраўкі таксама зьмяняюць правілы наданьня фінансавай дапамогі. У пэўных выпадках ахвяры палітычных рэпрэсіяў змогуць атрымаць аднаразовую дапамогу ў памеры да 300% ад мінімальнай пэнсіі.
Былыя актывісты апазыцыі атрымаюць сродкі пакрываць частку выдаткаў на набыцьцё інваліднага вазка, рэабілітацыйнае абсталяваньне, артапэдычныя вырабы, дапаможныя сродкі, каб адаптаваць жылыя памяшканьні да інваліднасьці, і льготы на мэдычнае абслугоўваньне.
Пры вызначэньні права на пэнсію тэрміны ўтрыманьня пад вартай у турмах і іншых месцах улічваюцца падвойна.
Папраўкі да закону ўступяць у сілу 31 жніўня 2017 году.