Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б у большасьці нашых вёсак адбываліся мастацкія пленэры, дзе б ужо была наша культура...»


Праца з пленэру ў Салацьці
Праца з пленэру ў Салацьці

У вёсцы Салацьце Гарадзенскага раёну блізу літоўскае мяжы завяршыўся мастацкі пленэр у гонар 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня.

Пленэр «Артсалат» у вёсцы Салацьце праводзіцца трэці год запар. І трэці год запар яго ўдзельнікі з розных гарадоў Беларусі з пустых бухтаў ад кабэлю робяць мастацкія рэчы, якія потым расстаўляюць у вёсцы і яе ваколіцах, каб упрыгожыць яе. Сёлета ў пленэры бралі удзел 10 мастакоў.

Адзін з арганізатараў, гарадзенскі каваль Юры Мацко, сказаў Свабодзе, што спачатку былі засьцярогі, што трэці год запар выкарыстоўваць аднолькавыя матэрыялы будзе ня вельмі цікава, але тэма Скарыны і 500-годзьдзе кнігадрукаваньня натхнілі.

«Сказаўся трохі наш вопыт, усё ж праводзім трэці год. І сёлета ўсе хлопцы вельмі адказна да гэтага паставіліся, усё ж пленэр прысьвяцілі такой значнай даце. Кожная праца, якую ні возьмеш, гаворыць сама за сябе. Я вельмі задаволены і вынікамі пленэру і атмасфэрай, якая на ім панавала».

Гарадзенскі каваль Юрась Мацко і ягоная праца
Гарадзенскі каваль Юрась Мацко і ягоная праца

Мастак Джордж Пэрэс Сміт — ангелец, але ўжо даўно жыве ў Горадні. Пра Скарыну ён раней нічога ня ведаў, але знайшоў інфармацыю ў інтэрнэце і асоба першадрукара яго вельмі зацікавіла.

«У мяне на малюнку нездарма Скарына з кнігай і побач мядзьведзь, які напэўна вучыцца чытаць. Я даведаўся, што Скарына адзін з першых у Беларусі арганізаваў прытулак для жывёлаў кшталту сучасных заапаркаў — мяне гэта вельмі ўразіла».

Ангельскі мастак Джордж Пэрэс Сміт і ягоная праца на пленэры ў Салацьці
Ангельскі мастак Джордж Пэрэс Сміт і ягоная праца на пленэры ў Салацьці

Валянцін Борзды — скульптар з Менску. З кабэльных бухтаў ён зрабіў вадзяны млын, прычым, унутры млына відаць яго дэталі, выразна акрэсьленыя 5 паверхаў. Мастак кажа, што, магчыма, менавіта такі млын працаваў у часы Скарыны.

«Мне вельмі падабаецца, што ў пленэры бяруць удзел мастакі, скульптары, архітэктары, дызайнэры. Ва ўсіх розныя погляды на аб’екты, усе імкнуцца па-свойму нешта зрабіць. Гэта мяне вельмі натхняе. Уявіце, што ўсё гэта яшчэ адбываецца ў адной вёсцы і прычым трэці год запар. А каб падобныя пленэры ў нашых вёсках праводзілі ня толькі мастакі, а і музыканты, танцоры, барды..., уяўляеце якім была б нашая культура і як бы цікава было жыць...»

Менскі скульптар Валянцін Борзды побач са сваёй працай
Менскі скульптар Валянцін Борзды побач са сваёй працай

Кірыл Кухарчук, архітэктар і дызайнэр, прыехаў з Масквы, падкрэсьлівае, што па паходжаньні ён беларус. Кажа, што катушка для яго падалася рыбай. У яго атрымалася інсталяцыя — залатая рыбка і ў той самы час — небясьпечны драпежнік.

«Мне вельмі падабаецца тут шчырая творчая атмасфэра, таму я прыехаў сюды ўжо другі раз, хаця за ўдзел у пленэры ніхто ня плаціць грошай, а даводзіцца яшчэ самім складацца на розныя патрэбы. Я маю шмат супольнага з Гарадзеншчынай і мне заўсёды хочацца зрабіць нешта вартае для гэтай зямлі. І тут наагул сабраліся вельмі цікавыя людзі зь якімі адно задавальненьне быць разам. Таму нават і тысяча кілямэтраў становіцца незаўважнай».

Дызайнэр і архітэктар Кірыл Кухарчук з Масквы і ягоная рыба
Дызайнэр і архітэктар Кірыл Кухарчук з Масквы і ягоная рыба

Анатоль Скамарошчанка — гарадзенскі мастак. Кажа, што ў яго побач з Салацьцем лецішча і ён штогод бярэ ўдзел у пленэры. Распавядае, што расстаўленыя па вёсцы і навакольлі працы мастакоў уражваюць местачкоўцаў.

«Я наагул бачу, што людзі мясцовыя спыняюцца каля нашых працаў і заўсёды абмяркоўваюць іх, часам нават зьдзіўляюцца. Летась пасьля пленэру дзьве жанчыны стаялі каля чыгункі і адна, паказваючы другой на размаляваную катушку, са зьдзіўленьнем заўважыла: Паглядзі, што толькі не прыдумаюць гэтыя чыгуначнікі, каб так цікава пустыя катушкі размаляваць. Клапоцяцца пра эстэтыку... І гэта вельмі прыемна чуць, нават калі людзі і думаюць, што гэта зрабіла Беларуская чыгунка, а не мастакі на пленэры».

Гарадзенскі мастак Анатоль Скамарошчанка
Гарадзенскі мастак Анатоль Скамарошчанка

Вёска Салацьце — амаль на мяжы зь Літвой. Кожны раз, калі сюды прыяжджаеш, трэба прад’явіць памежнікам пашпарт на ўезд у памежную зону. Салацьце аточана лясамі і прыгожымі вялікімі азёрамі. Сама вёска невялікая, але зь вельмі цікавымі ляндшафтамі. Магчыма, таму многія гарадзенскія мастакі панабывалі тут хаты і жывуць ужо гадамі.

Праца з пленэру ў Салацьці
Праца з пленэру ў Салацьці

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG