Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насупраць музэю Вялікай Айчыннай вайны пабудуюць Нацыянальны гістарычны музэй


Фота ©Shutterstock

Для Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі будзе ўзьведзены новы будынак на праспэкце Пераможцаў, сказаў на прэс-канфэрэнцыі дырэктар музэю Алег Рыжкоў. Для новага музэйнага будынку абраная пляцоўка недалёка ад жылых дамоў праз дарогу ад Дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Алег Рыжкоў сказаў, што адно са сталічных архітэктурных бюро ўжо распрацавала архітэктурнае рашэньне для новага будынка. «Я выказваў ідэю, што сам будынак павінен сымбалізаваць нашу культуру як беларусаў. Ёсьць першапачатковы накід, паводле якога фасад будынка адаптаваны пад слуцкі пояс. Таксама было пажаданьне, каб фасад мог ператварацца ў мультымэдыйную сьцяну на выпадак нейкіх сьвятаў. Цікавая ідэя — спачатку мы ўваходзім у зямлю, на нулявы паверх, дзе разьмешчана ўся інфраструктура, а ўжо на першым паверсе мы пачынаем паўнавартасна знаёміцца з гісторыяй і культурай Беларусі», — цытуе спадара Рыжкова БелаПАН.

Мяркуецца, што ў музэі будзе ўнутраны дворык для імпрэзаў, а на верхнім паверсе разьмесьціцца «рэляксацыйная пляцоўка, зімовы сад, куды людзі маглі б прыйсьці і адпачыць, абдумаць убачанае». У новым будынку музэй, хутчэй за ўсё, абʼяднаецца са сваімі філіяламі — Музэем прыроды і Музэем сучаснай беларускай дзяржаўнасьці, каб «атрымаць поўны цыкль успрыманьня культуры, традыцый, побыту». Ад такога зьліцьця статус філіялаў ня зьменіцца, дадаў Рыжкоў.

Плошча будынка складзе 16 тысяч квадратных мэтраў. Для параўнаньня: цяпер экспазыцыя Нацыянальнага гістарычнага музэю разьмешчаная на 2 тысячах квадратных мэтраў.

Распрацаваць праектна-каштарысную дакумэнтацыю і канцэпцыю новага музэю плянуецца да 2019 году, а ўзьвесьці сам будынак — да 2021 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG