Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У канцы чэрвеня брытанская газэта The Guardian выйшла з сэнсацыйным загалоўкам «Пасьля забароны курыць у закрытых памяшканьнях сьмяротнасьць ад хваробаў сэрца зьменшылася больш чым на 20%».

Газэта пісала, што, паводле мэдыкаў, курцы ва ўзросьце 35 і болей гадоў цяпер маюць меншую верагоднасьць памерці ад сардэчнага прыступу, бо ў краіне дзейнічае забарона курыць закрытых памяшканьнях.

Новыя дадзеныя паказалі, што сьмяротнасьць брытанцаў ад сардэчна-судзiнных хваробаў і інсультаў, выкліканых курэньнем, рэзка ўпалі пасьля таго, як пачала дзейнічаць забарона курыць у барах, рэстаранах і іншых закрытых грамадзкіх месцах.

Для дасьледаваньняў была ўзятая ўзроставая група 35 гадоў і вышэй. Аказалася, што пасьля ўвядзеньня забароны ў 2007 годзе сьмяротнасьць ад сардэчных хваробаў скарацілася больш чым на 20%, а ад інсультаў — амаль на 14%.

Статыстычныя зьвесткі апублікаваныя Public Health England (PHE) — арганізацыяй, якая зьбірае статыстыку сьмерцяў ад курэньня. Яе выканаўчы дырэктар Дункан Сэлбі ацаніў гэтыя лічбы як доказ вялізнага карыснага ўзьдзеяньне на грамадзкае здароўе забароны курэньня ў грамадзкіх месцах. Сэлбі лічыць, што «закон адыгрывае ключавую ролю ў велізарных культурных зьменах, якія можна заўважыць за апошняе дзесяцігодзьдзе, асабліва сярод моладзі».

Для Вялікай Брытаніі зьніжэньне сьмяротнасьці ад хваробаў сэрца асабліва важнае. У краіне з кожных шасьці сьмерцяў адна выклікаецца наступствамі курэньня.

У Беларусі забароны курыць у грамадзкіх месцах няма. Ад 2002 году дзейнічае толькі частковае абмежаваньне на падставе дэкрэту прэзыдэнта № 28. Але ён пра курэньне ў паліклініках, бальніцах, дзіцячых садках і т.д.

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны дзясяты чалавек у сьвеце памірае ад наступстваў курэньня — гэта каля 6 мільёнаў чалавек.

Паводле дадзеных сацыёлягаў ад 2015 году, у Беларусі кураць 27,9% насельніцтва ва ўзросьце 16 гадоў і вышэй.

Паводле Міжнароднага саюзу барацьбы з ракам, 30% усіх сьмерцяў ад раку ў сьвеце зьвязаныя з курэньнем.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG