Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартыўны пашпарт Расеі не вымагае адмовы ад грамадзянства, — экспэрт пра рашэньне капітана хакейнай зборнай


Андрэй Стась (зьлева) і Сяргей Касьціцын супраць швэда Ёэля Люндквіста на Чэмпіянаце сьвету па хакеі 2014 году

Хакейны клюб «Авангард» з Омску падпісаў трохгадовае пагадненьне зь беларускім форвардам Андрэем Стасем, які ў мінулым сэзоне выступаў за менскае «Дынама».

Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што, як паведаміў генэральны мэнэджэр «Авангарду» Віктар Шалаеў, хакеіст ня будзе лічыцца легіянэрам, бо атрымаў расейскае «спартыўнае грамадзянства».

Ці азначае гэта, што 28-гадовы Андрэй Стась ня зможа (або ня хоча) выступаць за нацыянальную зборную Беларусі, капітанам якой ён быў на сёлетнім чэмпіянаце сьвету ў Францыі і Нямеччыне?

Хакейны аглядальнік спартыўнай газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў кажа, што атрыманьне расейскага «спартыўнага грамадзянства» аўтаматычна не азначае пазбаўленьня беларускага, збольшага гэта шырма для хакейных чыноўнікаў у самой Расеі:

«Гэта нічога не азначае, бо так званае „спартыўнае грамадзянства“ ёсьць у шэрагу нашых легіянэраў, а калі быць дакладным, то практычна ва ўсіх, хто гуляе ў КХЛ. Гэта тычыцца, натуральна, і нашых зборнікаў. Яно на ўсялякі выпадак ёсьць і ў абодвух Касьціцыных, і ў Валодзі Дзянісава. У свой час шмат хто яго атрымаў. Але спартыўнае грамадзянства не азначае аўтаматычнай зьмены грамадзянства краіны».

Тым ня меней, як кажа суразмоўца, усё ж існуюць варыянты, пры якіх Андрэю Стасю ды іншым беларусам у падобным статусе можа «сьвяціць» ня толькі спартыўнае, а рэальнае грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі:

— Можа быць такі варыянт: два гады не выступаць за зборную — так бы мовіць, стаць на «карантын» — і тады не лічыцца легіянэрам наагул. Пакуль жа сам факт атрыманьня пашпарта яму не дае нічога. У сёньняшнім выглядзе гэта, па-першае, не забараняе яму гуляць за галоўную каманду Беларусі, па-другое, ён ня сам адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, яно пры ім застаецца, і гэта галоўнае. Якія ў кішэні яшчэ ёсьць пашпарты, для Міжнароднай фэдэрацыі хакею не істотна зусім. Тут досыць хітрая схема.

— Калі ўлічыць, што кантракт Стася з «Авангардам» падпісаны на тры гады, то тэарэтычна да такой разьвязкі справа ўсё ж можа дайсьці...

— Паглядзім. Тэорыя тэорыяй, але не абавязкова гэта павінна скончыцца практычнай разьвязкай. Паўтараю, ад 1990-х мы такое праходзілі ўжо шмат разоў. Нават у нябожчыка Руслана Салея і то быў расейскі пашпарт — атрымаў яго ў лякаўт 2004–2005 гадоў у НХЛ. Такое адчуваньне, што ў сэйфах расейскіх клюбаў тады ўжо былі прырыхтаваныя адпаведныя блянкі... Таму былі ўжо такія выпадкі, і сам факт атрыманьня пашпарта яшчэ ні пра што ня кажа. Гэта больш каб закрываць вочы расейскім чыноўнікам. У клюбах гэта таксама цудоўна разумеюць.

Паводле мэнэджэраў «Авангарду», Андрэй Стась ужо прыступіў да трэніровак і на пачатку наступнага тыдня выйдзе на лёд разам з новай камандай.

«Спартыўным грамадзянствам» называецца сыстэма, пры якой спартоўцу ў аблегчаным парадку выдаецца пашпарт той краіны, за якую ён мае выступаць на міжнародных спаборніцтвах. Асноўнае грамадзянства пры гэтым захоўваецца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG