Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь рэзка нарасьціла золатавалютныя рэзэрвы. Навошта, тлумачыць эканаміст Злотнікаў


За чэрвень 2017 году Беларусь рэзка нарасьціла золатавалютныя рэзэрвы — на больш як 1,3 млрд даляраў, да 6,561 млрд. Рэзэрвовыя актывы ў валюце пры гэтым вырасьлі амаль на 2 млрд.

Апошні раз такі рэзкі скачок міжнародных рэзэрваў Беларусі быў за чэрвень 2014 году (плюс 1,08 млрд), да таго — за жнівень 2012-га (мінус 1,02 млрд) і за лістапад 2011-га (плюс 2,7 млрд). За ўвесь 2016 год ЗВР вырасьлі толькі на 0,75 млрд.

Афіцыйна цяперашні скачок тлумачыцца тым, што ў дзяржавы зьявіліся грошы. Нацыянальны банк піша, што асноўным фактарам было паступленьне сродкаў ад продажу эўрабондаў і атрыманьне чацьвёртага траншу крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі (разам гэта 1,7 млрд даляраў). Але за гэты час урад і Нацбанк аддалі запазычанасьцяў у замежнай валюце на 343 млн даляраў, а цэны на золата ўпалі.

Нашто Беларусь трымае 6,5 млрд даляраў у рэзэрвах?

Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа Свабодзе, што тыя выплаты па запазычанасьцях, што яшчэ чакаюць урад Беларусі, складаюць 3,5 млрд даляраў, а ў студзені 2018 году давядзецца аддаць за раз 800 млн даляраў па эўрабондах 7-гадовай даўніны.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Гэта натуральна: калі гэтыя грошы цяпер праесьці, ня будзе чым выплочваць запазычанасьцяў, — тлумачыць Злотнікаў. — Грошы з ЗВР ідуць яшчэ тады, калі адбываюцца нейкія зрывы. Скажам, нешта здарыцца з замежным гандлем і ня будзе паступленьня валюты, трэба будзе дзіру нейкую заткнуць тэрмінова. Іх трымаюць для непрадбачаных абставінаў, але не для бягучых, рэгулярных выплатаў.

Золатавалютныя рэзэрвы павінны быць ня меншымі за мінімальны аб’ём, ёсьць патрабаваньні да гэтага аб’ёму. Адно зь іх — найважнейшае — што ЗВР мусіць быць дастаткова аплаціць тры месяцы імпарту, а ў нас іх хапала толькі на два. Таму Беларусь яшчэ не дасягала мінімуму гэтага запасу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG