Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты кажуць, што два лідэры маюць шанец спыніць пагаршэньне дачыненьняў ЗША і Расеі, але наўрад ці іх палепшаць


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Сустрэча лідэраў ЗША і Расеі, як мяркуецца, пачнецца 7 ліпеня ў 15.45 мясцовага часу, і журналісты ў прэс-цэнтры саміту G20 варожаць, ці працягнецца яна даўжэй за плянаваны час, ці будзе больш-менш пратакольным захадам. Пасьля некалькіх заяваў Дональда Трампа ў чацьвер у Варшаве, якія сур’ёзна зачапілі Крэмль, незразумела, як можа павярнуцца гутарка.

Кіраўнік Групы вывучэньня самітаў G7 і G20 унівэрсытэту Таронта Джон Кіртан адзначае: «Пуцін на гэтым саміце шмат у чым ключавая постаць, бо ад яго шмат у чым залежыць, ці будзе гэтая сустрэча і саміт наагул нейкім пачаткам шляху супрацы ў разьвязаньні ўсясьветных праблемаў, ці на ім выразна пазначыцца разьмежаваньне паміж ЗША і Расеяй, што зробіць гэты саміт правальным, а супрацу цяжкою».

На думку Джона Кіртана, «калі на двухбаковай сустрэчы паміж Трампам і Пуціным яны ня прыйдуць да пэўнага паразумення, то потым, ужо падчас агульнай сустрэчы лідэраў, якую будзе праводзіць канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, яе ўдзельнікам будзе цяжка прымаць рашэньні, напрыклад, наконт сумеснай барацьбы з тэрарызмам. Як можна распрацаваць колькі-небудзь значны дакумэнт, калі лідэры, што падпісваюць яго, не давяраюць адзін аднаму?»

У пытаньні Ўкраіны, працягвае кіраўнік Групы вывучэньня ўсясьветных самітаў, ёсьць і аспэкт наступстваў ваенных дзеянняў на ўсходзе гэтай краіны і анэксіі Крыму: «У сьвятле гэтых падзеяў многія суседзі Расеі, якія знаходзяцца ў Эўропе, могуць захацець далучыцца да NATO (напрыклад, гэты працэс паспрабуюць паскорыць Грузія і сама Ўкраіна) або папрасіць большай прысутнасьці войскаў NATO на сваёй тэрыторыі (гэта мы можам бачыць у Балтыі і Польшчы). І як на гэта адрэагуе Расея — пытаньне адкрытае».

Дырэктар Маскоўскага цэнтру Карнэгі Дзьмітрый Трэнін упэўнены, што насамрэч ЗША і Расея вельмі блізка падышлі да сапраўднай вайны: «Я думаю, што мы знаходзімся ў пункце, адкуль чарговае сур’ёзнае, якаснае пагаршэньне стасункаў можа азначаць сутыкненьне Амэрыкі і Расеі. Гэта значыць, мы дайшлі „да ручкі“ ў пагаршэньні дачыненьняў. Таму, калі ўвесь парадак дня расейска-амэрыканскіх стасункаў зьвесьці да адной фразы, я б сказаў, што ён выглядаў бы так: абы не было вайны».

Экспэрт не чакае прарыву ў дачыненьнях ЗША і Расеі на сустрэчы ў Гамбургу: «Я ня думаю, што сустрэча Пуціна і Трампа моцна зьменіць сытуацыю. Але яна дасьць магчымасьць і Пуціну, і Трампу ацаніць адзін аднаго, паглядзець, наколькі партнэр ці контрапартнэр, скажам так, адэкватны, наколькі зь ім можна мець дачыненьні, наколькі парадак дня, які мае кожны зь лідэраў, можа быць дзякуючы гэтым дачыненьняў прасунуты».

Пры гэтым, на думку Трэніна, Дональд Трамп сур’ёзна зьвязаны ў дамоўленасьцях з Уладзімірам Пуціным: «У Амэрыцы на сёньня існуе вельмі няўстойлівае дваяўладзьдзе ва ўмовах палітычнай вайны. Усякія дамоўленасьці, дасягнутыя паміж Трампам і Пуціным, будуць разглядацца літаральна пад лупай у Вашынгтоне».

Цалкам матэрыял зьмешчаны на сайце «Голасу Амэрыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG