Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім вайскоўцам няма чаго рабіць у Сырыі, — адказ «Гавары праўду» на расейскую ініцыятыву


Лідэры «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч

Расея зьвярнулася да краінаў СНД, у тым ліку і да Беларусі, з прапановай накіраваць кантынгент у Сырыю для сумеснага маніторынгу ў зоне дээскаляцыі. Пра гэта на перамовах аб сырыйскім урэгуляваньні ў Астане заявіў кіраўнік расейскай дэлегацыі Аляксандар Лаўрэнцьеў.

На расейскую ініцыятыву адрэагаваў рух за мірныя перамены «Гавары праўду».

«Мы выступаем супраць таго, каб нашы вайскоўцы ў любым статусе ўдзельнічалі ў ваенных апэрацыях за межамі Рэспублікі Беларусь. Гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам нашай краіны. Наша пазыцыя падзяляецца большасьцю грамадзянаў Беларусі».

Лідэры «Гавары праўду» нагадваюць, што ў 2014 годзе ў межах ініцыятывы «Народны рэфэрэндум» дэмакратычныя арганізацыі сабралі больш як 120 тысяч подпісаў за правядзеньне вайсковых рэформаў — у тым ліку за тое, каб беларусы не служылі за мяжой.

«Нэўтральны статус Беларусі ў дачыненьні канфліктаў дазваляе разьвіваць Менск як пляцоўку для мірных перамоваў, умацоўваючы міжнародную ролю краіны ў рэгіёне, забясьпечваючы нашым грамадзянам мір і гарантыю бясьпекі», — падкрэсьлівае рэспубліканская рада «Гавары праўду».

Актывісты руху заклікаюць Аляксандра Лукашэнку, урад і парлямэнт адмовіцца ад любога фармату ўдзелу Беларусі ў ваенным канфлікце як у Сырыі, так і ў іншых гарачых пунктах, захоўваць нэўтралітэт, спрыяючы дыпляматычнаму вырашэньню любых спрэчак.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG