Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША сьвяткуюць Дзень Незалежнасьці


Ілюстрацыйнае фота. Сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці ЗША ў 2016 годзе

Фэдэральным сьвятам 4 ліпеня быў абвешчаны ў 1941 годзе.

Чацьвёртага ліпеня адзначаецца Дзень Незалежнасьці ЗША, які ў 1941 годзе стаў фэдэральным сьвятам.

Аднак традыцыя сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці зарадзілася яшчэ ў XVIII стагодзьдзі і зьвязана з рэвалюцыяй.

2 ліпеня 1776 году Кантынэнтальны кангрэс прагаласаваў за незалежнасьць.

Праз два дні дэлегаты з 13 калёній прынялі Дэклярацыю незалежнасьці — гістарычны дакумэнт, складзены Томасам Джэфэрсанам. Некаторыя экспэрты па канстытуцыі лічаць, што ЗША павінны адзначаць Дзень Незалежнасьці 2 ліпеня, у гонар гістарычнага галасаваньня.

Салюты

​У нашы дні ў тысячах гарадоў і населеных пунктаў праходзяць салюты ў гонар Дня Незалежнасьці. Сваімі фэервэркамі славіцца сталіца краіны Вашынгтон.

У гэтай традыцыі даўняя гісторыя. Кангрэс дазволіў выкарыстоўваць піратэхніку пры сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці ў 1777 годзе ў Філядэльфіі. З тых часоў гэта неад’емная частка сьвята.

Па іроніі лёсу, 4 лiпеня памерлі тры амэрыканскія прэзыдэнты, два зь якіх уваходзілі ў лік айцоў-заснавальнікаў ЗША: Джон Адамс і аўтар Дэклярацыі незалежнасьці Томас Джэфэрсан. Яшчэ больш характэрна, што сьмерць напаткала іх з розьніцай усяго толькі ў некалькі гадзін.

4 ліпеня таксама памёр пяты прэзыдэнт ЗША — Джэймс Манро.

У той час, як жыхары ЗША адзначаюць Дзень Незалежнасьці, мясцовыя праваахоўныя органы і фэдэральныя ўлады сумеснымі намаганьнямі гарантуюць бясьпеку сьвяткаваньня.

Як чакаецца, найбуйнейшае ў краіне шоў фэервэркаў, якое пройдзе ў аўторак у Нью-Ёрку, будуць глядзець больш за тры мільёны чалавек.

Хоць нью-ёркская паліцыя ня ўгледзела ніякіх «пэўных пагрозаў» напярэдадні сьвяткаваньня, мэр гораду Біл Дэ Блазі заявіў, што на вуліцах будуць працаваць супрацоўнікі Дэпартамэнту барацьбы з тэрарызмам і «добра ўзброеныя паліцыянты».

У Вашынгтоне таксама чакаюцца сотні тысяч чалавек на розных сьвяточных мерапрыемствах, у ліку якіх салют і канцэрт на Капіталійскім пагорку.

Кіраўнік сталічнай паліцыі Пітэр Ньюшэм на мінулым тыдні заявіў, што пагрозы нападаў падчас сьвяткаваньня няма, аднак паліцыя будзе задзейнічаная «на поўную магутнасьць».

За дзень да заплянаваных мерапрыемстваў уздоўж Нацыянальнай алеі выставілі паліцэйскія загароды і кантрольна-прапускныя пункты.

Паліцыя Бостану таксама заявіла, што ў дзень сьвята ў горадзе будзе узмоцненая прысутнасьць праваахоўных органаў, хоць ні пра якія пагрозы інфармацыі няма, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Мясцовыя праваахоўныя органы ў супрацоўніцтве з ФБР будуць выкарыстоўваць бесьпілётнікі для назіраньня за натоўпам падчас шоў фэервэркаў Boston Pops Fireworks Spectacular на рацэ Чарльз, якое, як чакаецца, наведаюць да 500 тысяч гледачоў.

Раней сёлета паліцыя выкарыстоўвала бесьпілётнік для гарантаваньня бясьпекі на Бостанскім марафоне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG