Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі прапанаваў скараціць парлямэнт на траціну


Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон выступіў са зваротам да абедзьвюх палат францускага парлямэнту — Нацыянальнага сходу і Сэнату — у Вэрсальскім палацы.

Макрон заявіў, што мае намер на траціну скараціць колькасьць дэпутатаў парлямэнту. На думку францускага прэзыдэнта, гэты крок дазволіць парлямэнтарыям хутчэй прымаць рашэньні і праводзіць неабходныя рэформы. Ён таксама падкрэсьліў, што разьлічвае на абнаўленьня ў войску. Гэты крок, па словах Макрона, неабходны для абароны інтарэсаў Францыі і вядзеньня дыялёгу па міжнародных пытаньнях зь іншымі краінамі.

Макрон адзначыў, што гатовы правесьці ўсенародны рэфэрэндум, калі парлямэнт на працягу году не прагаласуе за неабходныя рэформы.

На сёньняшняе ўрачыстае пасяджэньне ў Вэрсалі былі запрошаныя 577 дэпутатаў Нацыянальнага сходу і 348 членаў Сэнату. Скліканьне францускага парлямэнту для прэзыдэнцкага пасланьня — новая палітычная практыка для Францыі. Макрон паабяцаў зрабіць яго штогадовым.

4 ліпеня ў Нацыянальным сходзе выступіць прэм’ер-міністар Францыі Эдуар Філіп. Ён мае прадставіць праграму працы кабінэту міністраў.

XS
SM
MD
LG