Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва выставіла абвінавачваньні яшчэ двум расейцам у справе аб штурме тэлецэнтру ў 1991-м


Генпракуратура Літвы завяршыла дасудовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да яшчэ двух падазраваных у справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году ў Вільні і перадала справу ў суд.

У рамках гэтай справы абвінавачаньні ў «злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах» выстаўленыя яшчэ двум грамадзянам Расеі. Хутчэй за ўсё, іх будуць судзіць завочна.

Справа аб падзеях 13 студзеня 1991 года ўжо паўтара году разглядаецца ў Віленскім акруговым судзе. У ёй абвінавачваньні выстаўленыя больш чым 60 асобам. Усіх іх, за выключэньнем Генадзя Іванова і Юрыя Меля, судзяць завочна. Судовы працэс адновіцца ў жніўні і будзе доўжыцца, як чакаецца, да сьнежня 2017 году.

Расьсьледаваньне ў дачыненьні да грамадзянаў, якім абвінавачваньні выстаўленыя ў панядзелак, у 2014 годзе было аддзелена ад асноўнай справы аб падзеях 13 студзеня 1991 году. Імёны і прозьвішчы абвінавачаных Генпракуратура Літвы не называе. Першапачаткова Генпракуратура займалася ў гэтай справе дзевяцьцю асобамі. Аднак у дачыненьні да сямі чалавек справа закрытая, паколькі ў іх дзеяньнях не знойдзена прыкметаў злачынных дзеяньняў.

Вярхоўны савет Літвы 11 сакавіка 1990 году абвясьціў аб аднаўленьні незалежнасьці. У студзені 1991 году ў Літве пачаліся акцыі пратэсту, і ў рэспубліку былі перакінутыя байцы савецкіх спэцпадразьдзяленьняў. У ноч на 13 студзеня калёна савецкай бронетэхнікі накіравалася ў цэнтар Вільні. У ходзе сутыкненьняў ля тэлецэнтру загінулі 14 чалавек, больш за 600 былі параненыя.

Дзярждума Расеі ў адмысловай заяве назвала суд пра падзеі 1991 году ў Вільні «палітычным працэсам у найгоршых традыцыях „карнай юстыцыі“, які ніяк не зьвязаны з абаронай правоў і свабодаў чалавека».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG