Як паведамляе ВВС, па дадзеных паліцыі, загінулі 18 чалавек. «На жаль, шмат людзей — турыстаў з Саксоніі — загінула ў згарэлым аўтобусе», — заявіў афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны Штэфэн Зайберт.
Ён таксама перадаў родным і блізкім загінулых спачуваньні ад канцлеркі Ангелы Мэркель.
Аварыя адбылася ў панядзелак раніцай на шашы А9 у напрамку Нюрнбэргу.
Аўтобус, у якім знаходзіліся 48 чалавек — 46 пасажыраў і два кіроўцы, — сутыкнуўся з грузавіком і загарэўся. Пакуль незразумела, што стала прычынай аварыі.
«Трыццаць пасажыраў, некаторыя зь якіх атрымалі сурʼёзныя траўмы, дастаўлены ў шпіталі. Астатнія, як мяркуецца, загінулі ў палаючым турыстычным аўтобусе», — гаворыцца ў заяве паліцыі.
Раней прадстаўнік пажарных службаў прызнаў — у тых, хто ня змог пакінуць салён аўтобусу, шанцаў выжыць было мала.