Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі выпушчаныя банкноты з партрэтам Башара Асада


У нядзелю цэнтрабанк Сырыі запусьціў у абарачэньне новую грашовую купюру вартасьцю 2000 сырыйскіх фунтаў (3,9 даляра паводле бягучага курсу), упрыгожаную выявай прэзыдэнта краіны Башара Асада, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Паводле старшыні цэнтрабанку Дураіда Дургама, выпуск новай 2000-фунтовай банкноты плянаваўся яшчэ некалькі гадоў таму, аднак яго адклалі ў сувязі зь цяперашнімі ваеннымі дзеяньнямі і моцнай інфляцыяй у краіне.

Аднак цяпер насьпела неабходнасьць абнавіць грашовы фонд з прычыны зносу старых купюр, кажа Дургам.

На старым тыражы банкнотаў вартасьцю 1000 фунтаў быў выяўлены бацька Башара — Хафэз Асад, які кіраваў краінай з 1971 да 2000 году.

2000-фунтовых купюраў раней у абарачэньні не было.

З 2011 году, калі ў краіне пачалася грамадзянская вайна, курс сырыйскай валюты рэзка ўпаў: перад пачаткам канфлікту за 1 даляр ЗША давалі 47 сырыйскіх фунтаў, цяпер даляр каштуе ўжо больш за 500 фунтаў.

Як сьцьвярджае старшыня сырыйскага цэнтрабанку, адначасовы выпуск новай купюры ў абарачэньне адбыўся ў Дамаску і «шэрагу правінцый».

Канфлікт у Сырыі доўжыцца ўжо шэсьць гадоў. Сталіца краіны, Дамаск, знаходзіцца ў асноўным пад кантролем урадавых сіл.

З 2011 году, калі ў Сырыі пачаліся антыўрадавыя пратэсты, што перарасьлі ў поўнамаштабную грамадзянскую вайну, у канфлікце загінулі больш за 300 тысяч чалавек.

Паводле дадзеных ААН, каля 5,5 млн сырыйцаў пакінулі краіну, яшчэ 6,3 млн чалавек — зрабіліся ўцекачамі ўнутры краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG