Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні на 61-м годзе жыцьця памёр, доктар філялягічных навук, прафэсар, літаратуразнаўца, літаратурны крытык Ігар Жук.

Ігар Жук паходзіў зь Мядзельшчыны, а ў Горадню прыехаў пасьля сканчэньня асьпірантуры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выкладаў у Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы, напачатку 90-х узначальваў новаствораны Факультэт беларускай культуры і філялёгіі, займаўся навуковай дзейнасьцю.

Аляксей Пяткевіч: Такія нараджаюцца раз на сто гадоў

Прафэсар Аляксей Пяткевіч, які многія гады працаваў побач з Ігарам Жуком, згадваючы яго, заўважае, што адышоў выключна таленавіты літаратуразнаўца.

Пяткевіч: Такія нараджаюцца раз на сто гадоў. Ён быў тэарэтыкам, наватарам у сваёй галіне, разьвіваў у літаратуразнаўстве ідэі структуралізму, якія некалі ўспыхнулі ў савецкі час у Прыбалтыцы, але былі задушаныя. Яго доктарская была структуралісцкая, наватарская ў беларускім літаратуразнаўстве. Ён быў пачынальнікам вялікай школы літаратурнай навукі ў Беларусі, але ён не пасьпеў разьвярнуць крылы, хаця нямала зрабіў. Выключна таленавіты і арыгінальны дасьледчык беларускай літаратуры. Гэта быў перш за ўсё тэарэтык, таленавіты тэарэтык якіх зараз так не хапае ў нашай літаратуры. Усё, што рабіў і напісаў Ігар Жук, было выключна цікава і рэдка — гэта быў вялікі талент.

Янка Трацяк: Пры ягоным кіраўніцтве нават работніцы ў гардэробе таксама гаварылі па-беларуску

Янка Трацяк, выкладчык Гарадзенскага унівэрсытэту, у свой час быў студэнтам Ігара Жука, а затым разам працаваў на Факультэце беларускай культуры і філялёгіі. Ён згадвае, што усё навокал Ігара Жука было прасякнутае беларускасьцю, цікаўнасьцю і мудрасьцю.

Трацяк: Памятаю, як Ігар Жук толькі прыйшоў да нас ва ўнівэрсытэт пасьля сканчэньня асьпірантуры. Сярод маладых выкладчыкаў вылучаўся найбольшай падрыхтаванасьцю, на яго лекцыі наведваліся ўсе студэнты — яны былі глыбокія і цікавыя. Напачатку 90-х ва ўнівэрсытэце быў створаны Факультэт беларускай культуры і філялёгіі. Ігар Жук быў прызначаны дэканам. Ужо тады стала зразумела, што больш вартага чалавека на гэта месца было б цяжка знайсьці. Пры ягоным кіраўніцтве ня толькі студэнты паўсюль размаўлялі па-беларуску, але нават работніцы ў гардэробе таксама гаварылі па-беларуску. І ніхто нікога не прымушаў, проста Ігар Васільевіч мог стварыць такую атмасфэру. У ім жыла гармонія, мудрасьць, чалавечнасьць... Гэта вялікая страта для Гарадзенскага ўнівэрсытэта, для беларускай навукі, гэта страта цудоўнага чалавека...

У 1998 годзе выйшла з друку ягоная кніга літаратурных эцюдаў «Сустрэчны рух». А ў манаграфіі «Празаічны тэкст: дынаміка рытмавага існаваньня» распрацаваў арыгінальную канцэпцыю мэтрадынамікі празаічнага выказваньня і ўпершыню ў гісторыі літаратуразнаўства апісаў мэханізм атрыманьня з дапамогай кампутарнай апрацоўкі тэксту мэтрычных аўтарскіх эталёнаў, разгледзеў сыстэму іх дынамічнага ўзаемадзеяньня. Адлюстраваны ў іх гэтак званы «рытмічны інстынкт» адкрывае новыя магчымасьці для аналізу асаблівасьцяў мастацкага стылю майстроў беларускае прозы — Янкі Брыля, Васіля Быкава, Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Кузьмы Чорнага.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG