Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля дэнамінацыі. Як зьмяніўся курс новага рубля, на колькі вырасьлі цэны і іншыя цікавыя факты


1 ліпеня 2016 году ў Беларусі зьявіліся новыя грошы. З нацыянальнай валюты зьніклі адразу чатыры нулі, старыя банкноты замянілі новымі, а замест самых дробных упершыню ўвялі манэты.

«Свабода» сабрала самыя цікавыя факты пра тое, што адбылося з новым беларускім рублём за год.

​1. Курс у адносінах да даляра павялічыўся на 3,7%. Калі 1 ліпеня 2016 году за адзін даляр давалі 2,0053 новага беларускага рубля, то на 30 чэрвеня 2017 году Нацбанк выставіў курс 1,9336.

2. Інфляцыя зь ліпеня 2016 па ліпень 2017 году склала 5,8%. Пры гэтым у першы пасьля дэнамінацыі месяц яна была роўная ўсяго 0,4%, а ў жніўні 2016-га назіралася нават дэфляцыя ў памеры 0,1%.

3. 164 даляры — столькі невядомы калекцыянэр заплаціў за манэту наміналам адзін рубель на адмысловым аўкцыёне. Яе ўнікальнасьць заключалася ў тым, што рубель адбілі на загатоўцы для 20-капеечнай манэты. У таргах удзельнічалі чатыры калекцыянэры, пачатковая цана калекцыйнай рэдкасьці складала 67 рублёў.

Акрамя бракаваных манэтаў, на аўкцыёнах нумізматаў і баністаў пасьля дэнамінацыі прадавалася шмат нестандартных новых банкнотаў. Напрыклад, адзін пяцірублёвік пайшоў з малатка за 400 даляраў. Ён адрозьніваўся незвычайным колерам.

4. Удзел 100-рублёвіка ў конкурсе на самую прыгожую банкноту. Беларускую банкноту настолькі высока ацанілі ўпершыню, раней грошы Нацбанку ў конкурсы не дапускаліся. Купюра з выявай Нясьвіскага палаца ў выніку прайграла швайцарскай банкноце наміналам 50 франкаў, аднак усё ж увайшла ў лік васьмі найпрыгажэйшых банкнот сьвету.

5. 77% — столькі дробных банкнот (100, 500 і 1000 рублёў) старога ўзору заставалася на руках у беларусаў за некалькі дзён да 1 студзеня 2017 году. Дня, калі старыя грошы перасталі прымаць у касах крамаў. Старых банкнот сярэднім наміналам (5, 10 і 20 тысяч рублёў) у беларусаў засталося каля 30%.

6. У тры разы. Настолькі пасьля правядзеньня дэнамінацыі павялічылася колькасьць злачынстваў, зьвязаных з абаротам фальшывых грошай. Калі за першыя шэсьць месяцаў 2016 году такіх злачынстваў было 8, то ў другой палове году ўжо 24. 19 зь іх былі зьвязаныя з падробкай новых беларускіх банкнот.

7. На 5 рублёў 97 капеек. Так вырас сярэдні заробак беларусаў з моманту правядзеньня дэнамінацыі. Калі ў ліпені 2016 году ён складаў амаль 746 новых рублёў, то ў траўні 2017-га (апошняя апублікаваная Белстатам лічба) — ужо 795 рублёў. Гэта 6,6% росту. Але была і інфляцыя. Яна, нагадаем, за год склала 5,8%. Таму больш рэальна выглядае гадавы рост сярэдняга заробку ў памеры 0,8%. Гэта акурат 5 рублёў 97 капеек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG