Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бундэстаг ухваліў аднаполыя шлюбы


Будынак Райхстагу ў Берліне, дзе праводзіць паседжаньні нямецкі парлямэнт

Ніжняя палата парлямэнту Нямеччыны (Бундэстаг) 30 чэрвеня большасьцю галасоў ухваліла законапраект аб аднаполых шлюбах.

За прагаласавалі 393 дэпутаты, супраць — 226, чатыры дэпутаты ўстрымаліся.

Блёк партый Хрысьціянска-дэмакратычны саюз і Хрысьціянска-сацыяльны саюз (ХДС/ХСС), прадстаўнікі якога складаюць большасьць у кіруючай кааліцыі, традыцыйна выступалі супраць прызнаньня аднаполых шлюбаў. Аднак 26 чэрвеня канцлер Нямеччыны, старшыня ХДС Ангела Мэркель абвясьціла, што выступае за тое, каб пры магчымым будучым галасаваньні аб дазволе шлюбаў для аднаполых параў усе дэпутаты прымалі рашэннье самастойна «паводле клічу сумленьня», а не кіруючыся агульнапартыйнага пазіцыяй і выконваючы фракцыйную дысцыпліну.

Сама Мэркель галасавала супраць законапраекту.

«Для мяне шлюб, паводле Асноўнага закону, гэта саюз мужчыны і жанчыны, — патлумачыла сваю пазыцыю пасьля галасаваньня Мэркель. — І таму сёньня я не галасавала за гэты законапраект».

Аднаполыя саюзы рэгіструюць у Нямеччыне з 2001 году. Свае адносіны да 2017 году афіцыйна аформілі 34 тысячы гомасэксуальных пар. Аднак да цяперашняга часу гомасэксуальныя пары маглі зарэгістраваць свае адносіны толькі ў форме аднаполых партнэрстваў. Такія саюзы валодалі меншымі правамі, чым гетэрасэксуальныя шлюбы. У прыватнасьці, яны не карысталіся ільготамі пры падаткаабкладаньні, прадугледжанымі ў Нямеччыне для асобаў, якія знаходзяцца ў шлюбе, і не маглі усынаўляць дзяцей.

Законапраект, каб стаць законам, мусіць яшчэ быць падтрыманы верхняй палатай (Бундэсратам).

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG