Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар вэрсіі пра другі партрэт першадрукара: веліч Скарыны настолькі вялікая, што ўпрыгожаньні яму непатрэбныя


Доктар Пэтр Войт (у цэнтры, у сінім пінжаку)

Дацэнт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе Пэтр Войт, які на Міжнародным сымпозіюме ў сярэдзіне чэрвеня прапанаваў лічыць выяву апостала Яна з кнігі Прамудрасьці Божай другім партрэтам Скарыны, прапануе адкінуць міты, якія, на яго думку, склаліся вакол беларускага першадрукара.

Абламейка: Вы ідэнтыфікавалі некалькі крыптапартрэтаў у кнігах Скарыны як выявы чэскага караля Іржы з Подзебрад і каралёў дынастыі Ягайлавічаў Ўладзіслава і Людвіка. Вы параўноўвалі крыптапартрэты з рэальнымі выявамі. Ці азначае гэта, што вы параўналі партрэт апостала Яна ў чырвонай мантыі, які ў кнізе Прамудрасьці Божай моліцца да Хрыста, з рэальным партрэтам Скарыны?

Войт: На ваша пытаньне я павінен даць два адказы. Першую групу ўтвараюць крыптапартрэты, што азначае выявы герояў, чые твары маюць рысы канкрэтных жывых асобаў. Пераважна гэта тычыцца ўладароў дынастыі Ягайлавічаў і ранейшага чэскага караля Іржы з Подзебрад, а таксама некаторых іншых, напрыклад, караля Жыгімонта І Старога, папы рымскага Юлія ІІ і іншых. Там было магчыма знайсьці паралелі паміж тагачаснымі выявамі на кніжных ілюстрацыях або маляваных партрэтах пачатку XVI стагодзьдзя. Пры ідэнтыфікацыі мы заўсёды шукаем тыповыя рысы, напрыклад, акругласьць твару Іржы з Подзебрад і яго характэрныя доўгія, сьпічастыя гатычныя вусы. Або характэрная падбародзьдзе Людвіка з дынастыі Ягайлавічаў. Або магутнасьць твару Ўладыслава ІІ Ягайлавіча.

Чэскі кароль Іржы з Падэбрад.
Чэскі кароль Іржы з Падэбрад.

Чэскі кароль Людвіг з дынастыі Ягайлавічаў.
Чэскі кароль Людвіг з дынастыі Ягайлавічаў.

Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Другазаконьне. 1519 год. Паводле Пятра Войта, крайні справа - чэскі кароль Іржы з Падэбрад, крайні зьлева - чэскі кароль Людвіг Ягайлавіч.
Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Другазаконьне. 1519 год. Паводле Пятра Войта, крайні справа - чэскі кароль Іржы з Падэбрад, крайні зьлева - чэскі кароль Людвіг Ягайлавіч.

Іншае пытаньне: чаму Скарына да гэтага вельмі ўнікальнага выяўленчага прынцыпу — схаванага — зьвярнуўся. Я думаю, што яго натхніў нюрнбэрскі мастак Дзюрэр, які ў сэрыі ксыляграфічных гравюраў пад назвай «Апакаліпсіс» (гэта ілюстрацыі да кнігі Адкрыцьця Яна Багаслова) скарыстаў той жа прынцып. Там нямецкі імпэратар, напрыклад, выяўлены як анёл. Я думаю, што Скарына выкарыстаў гэты прынцып як форму падзякі за тое, што меў магчымасьць два-тры гады жыць і працаваць у Празе. Такая падзяка мае сэнс, нягледзячы на тое, што Ягайлавічы паходзілі і кіравалі ў тых краінах, куды Скарына экспартаваў свае кнігі Бібліі Рускай. Гэта адказ на першую частку вашага пытаньня.

Другое пытаньне — гэта падабенства выявы Сьвятога Яна Эвангеліста, які кленчыць і моліцца перад Хрыстом, з маладым Скарынам. Тут не было магчымасьці параўноўваць зь нейкай выявай апрача таго партрэту Скарыны ў Бібліі Рускай. Той укленчаны Ян мае са Скарынам мінімум два падабенствы. Першае — акругласьць, паўната твару. А другое — унівэрсытэцкая магістэрская мантыя, у якую апрануты апостал Ян Багаслоў. Зразумела, гэта недакладныя доказы, і я не сьцьвярджаю на 100 працэнтаў, што гэта Скарына. Я толькі кажу, што існуе магчымасьць лічыць гэтую выяву другім вядомым партрэтам Скарыны, зьмешчаным у Бібліі.

Пэтр Войт прапануе лічыць гэтую выяву апостала Яна, які моліцца да Хрыста, другім партрэтам Скарыны.
Пэтр Войт прапануе лічыць гэтую выяву апостала Яна, які моліцца да Хрыста, другім партрэтам Скарыны.

Абламейка: Вы сказалі магістэрская мантыя? Наколькі я ведаю, чырвоныя мантыі насілі дактары...

Войт: Ну ведаеце, магістэрская або доктарская... Тады вялікай розьніцы не было. У кожным выпадку чырвоная мантыя, аблямаваная каштоўным футрам, была тады прыкметай вучонасьці і галоўным тыповым атрыбутам навукоўцаў.

Абламейка: І вельмі важна, што эвангеліст мае вопратку часоў Скарыны, а не біблейскіх часоў...

Войт: Так, менавіта, маеце рацыю. Гэта дадатковы аргумэнт. Хоць гэта не ўнікальны выпадак, бо ў той час не было рэдкасьцю, калі біблейскіх пэрсанажаў апраналі ў рэнэсансныя строі. Тым ня менш, гэта можна ўспрымаць як трэці дапаможны аргумэнт за тое, што ў вобразе Яна Багаслова выяўлены Скарына.

Абламейка: Такім чынам, можна лічыць, што гэта ваша навуковая гіпотэза?

Войт: Дакладна так. Усе гэтыя крыптапартрэты нехта можа паставіць пад сумненьне. У некаторых выпадках ёсьць вельмі блізкае падабенства, нават супадзеньне, таму чыесьці сумненьні нельга было б прызнаць справядлівымі. Але ў выпадку Яна Багаслова, які выяўлены ў профіль, фізыягнамічных знакаў вельмі мала. Гэта толькі круглы, скажам, таўставаты твар. Але ёсьць і яшчэ адзін аргумэнт. Гэта спосаб гравіроўкі, які можа належаць аднаму і таму ж разцу — гэта такая сыстэма рысак, якімі абазначаюць цень, няголенасьць або маршчыны на твары. Так што гэта мая гіпотэза.

Абламейка: Я б сказаў, што вельмі цікавая і прыгожая гіпотэза. Я быў рады пачуць яе ад вас на сымпозіюме. У 1518 годзе кароль Жыгімонт І Стары ажаніўся другі раз — узяў шлюб з Бонай Сфорцай. Прафэсар Неміроўскі заўважыў, што ў ілюстрацыі да адной з кніг Бібліі, якія выйшлі ў тым годзе, Скарына зьмясьціў герб Боны Сфорцы. Гэта таксама дадатковы факт выкарыстаньня Скарынам таго прынцыпу, пра які вы кажаце.

Войт: Мушу сказаць, што пра нейкі замежны герб у Бібліі Рускай я ня ведаю. Там ёсьць толькі эмблемы і знак Скарыны — сонца зь месяцам, якія сымбалізуюць зацьменьне. Але каб там быў герб як такі — пра гэта я ня ведаю. Там ёсьць вельмі шмат біблейных пэрсанажаў у малюнках. Усе яны маюць адну агульную рысу — усе твары іх індывідуалізаваныя. Калі вы возьмеце любую ілюстрацыю з таго часу — то ўбачыце, што ўсе яны наадварот тыпізаваныя: усе маюць аднолькавыя вочы, аднолькавыя насы, аднолькавыя бароды і так далей. Ну максымальна, габрэй мае бараду, а рымлянін — паголены, і ўсё. У Скарыны ж гэта наадварот, там усе індывідуалізаваныя.

Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Судзьдзяў. 1519 год. Пэтр Войт прапануе лічыць гэтую выяву крыптапартрэтам караля і вялікага князя Жыгімонта І Старога.
Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Судзьдзяў. 1519 год. Пэтр Войт прапануе лічыць гэтую выяву крыптапартрэтам караля і вялікага князя Жыгімонта І Старога.

А што тычыцца жаночых выяваў, дык я лічу, што пры больш глыбокім параўнаўчым вывучэньні знайшліся б далейшыя магчымасьці расшыфроўкі крыптапартрэтаў, напрыклад, у нейкай біблейскай жанчыне можна будзе знайсьці і новую жонку Жыгімонта І Старога. Гэтаксама як там ёсьць Ганна дэ Фуа — жонка Ўладыслава ІІ Ягайлавіча. Гэта праца для цэлага калектыву гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў, якія б мусілі параўноўваць выявы 20-х гадоў XVI стагодзьдзя з ілюстрацыямі Скарыны.

Абламейка: Дык тая індывідуалізацыя, пра якую вы кажаце, выглядае амаль фэномэнам Скарыны...

Войт: Дакладна так. Я не гісторык мастацтва, але ў пэўнай ступені зьяўляюся спэцыялістам і арыентуюся ў сытуацыі. Я ведаю, што перад Скарынам гэта рабіў толькі Дзюрэр. І ёсьць тэорыя, якая не падмацаваная ніякім архіўным пісьмовым дакумэнтам, што Скарына ў Нюрнбэргу быў. Але калі б і ня быў... Яму неабавязкова трэба было сустракацца зь Дзюрэрам асабіста, бо працы гэтага мастака ў той час хадзілі па ўсёй Эўропе. Гэта быў вельмі плённы, прадуктыўны мастак. Скарына мог яго працы дзе заўгодна купіць, прынамсі той жа «Апакаліпсіс» з Адкрыцьця Яна Багаслова. І, адпаведна, мог прынцып крыптапартрэтаў засвоіць. А пасьля ўжо, калі даваў замовы мастакам і рэзчыкам, мусіў фармуляваць іх вельмі дакладна і, нават, у некаторых выпадках, даваць намаляваныя ўзоры — яны без сумненьня павінны былі існаваць, хоць і не захаваліся да нашага часу. Гэта такая галерэя партрэтаў уладароў. Яму трэба было падаць выканаўцам усе характарыстыкі твараў тых, каго ён хацеў там бачыць — напрыклад, Салямон будзе Уладыславам Ягайлавічам і так далей.

Ёсьць у Скарыны адзін малюнак, які называецца «Дыспут». Калі вы паглядзіце на натоўп удзельнікаў унівэрсытэцкага дыспуту, то ўбачыце, што там усе індывідуалізаваныя, усе маюць характэрныя асобныя твары. Гэта можа быць рэфлексія Скарыны ў бок унівэрсытэцкага кола, зь якім ён, без сумненьня, спатыкаўся. Або Скарына мог намаляваць для гравёра выпадак са свайго жыцьця, нейкае сваё ўражаньне з дыспутаў у Кракаве або ў Падуі. Але, што дакладна — гэта ўсё рэальныя постаці.

Дыспут. Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Ісус Сірахаў. Прага. 1517 год
Дыспут. Фрагмэнт тытульнага ліста Кнігі Ісус Сірахаў. Прага. 1517 год

Абламейка: Беларускі мастацтвазнавец прафэсар Віктар Шматаў пісаў, што некаторыя з гравюр у скарынаўскіх выданьнях паходзяць наўпрост зь Нюрнбэргу.

Войт: Шматаў пасьля шматгадовых дасьледаваньняў напісаў тоўстую кнігу «Искусство книги Франциска Скорины». Але я не магу зь ім згадзіцца. Трэба глядзець яго кнігу — якія менавіта дрэварыты ён лічыць нюрнбэрскімі, таму што трэба ўсьвядоміць сабе адну рэч. Нюрнбэрг для ўсёй Цэнтральнай Эўропы быў тады Мэкай мастакоў — ювэліраў, скульптараў, жывапісцаў, графікаў і іншых. Усё, што там узьнікла, мела ўзорны характар: яго капіявалі, адаптавалі. Так што знайсьці нюрнбэрскія ўплывы дзе заўгодна у сёньняшняй Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і іншых краінах — не праблема. Але гэта мяне яшчэ не вядзе да высновы, каб я пальцам паказаў на некалькі ілюстрацый і сказаў, што яны маюць нюрнбэрскае паходжаньне.

Бясспрэчны ўплыў (я пра гэта казаў на пачатку сваёй прэзэнтацыі на Праскім сымпозіюме) ёсьць у гравюры «Бой Арханёла Міхаіла». Я лічу, што гэта вельмі дакладная адаптацыя аднаго з малюнкаў «Апакаліпсіса» Дзюрэра. І такога там процьма. Гэта бясспрэчна, але гэта не азначае, што яны ўзьніклі наўпрост у Нюрнбэргу.

Бой арханёла Міхаіла. Зьлева - Скарына, справа - Дзюрэр.
Бой арханёла Міхаіла. Зьлева - Скарына, справа - Дзюрэр.

Абламейка: Ну на той час Дзюрэр ужо меў багата вучняў і пасьлядоўнікаў...

Войт: Так, ён меў вучняў-пасьлядоўнікаў, якіх тады называлі кляйнмайстры — маленькія мастакі. Іх было 6-8 чалавек і ўсе — выдатныя. Я не сьцьвярджаю, што мая гіпотэза пра тое, што малюнкі Скарыны паходзяць з Прагі — адзіна слушная, але ў яе ёсьць пэўныя доказы. Хай сабе і насуперак таму, што Шматаў і цэлы шэраг беларускіх, украінскіх, літоўскіх і расейскіх дасьледчыкаў вырвалі гэтую праблему з кантэксту эпохі, рэлігіі і так далей і вывучалі яе як бы ў лябараторным вакуўме. Калі уставіце дзейнасьць Скарыны, прынамсі праскага пэрыяду, у цэлы кантэкст, дык убачыце, што тая самая рука, якая рэзала гравюры для яго кніг, працавала і для іншых выдаўцоў, якія працавалі адначасова са Скарынам у Празе — хай сабе з колаў утраквістаў (памяркоўных гусітаў — С.А.), гэта значыць хрысьціянскіх, або і з колаў габрэйскіх. У гэтым і ёсьць каштоўнасьць маёй гіпотэзы — тыя мастакі працавалі без увагі на канфэсійныя пытаньні, таму што гэта быў для іх заробак, і ім было ўсё роўна, зь якой рукі грошы падаюць.

Абламейка: На сымпозіюме вы сказалі, што вакол Скарыны існуе аднабокі нацыяналістычны міт. Што вы мелі на ўвазе?

Войт: Я сказаў яшчэ больш адкрыта, я сказаў «культ». Так мне здаецца. Вядома, я ня маю права ацэньваць памкненьні калегаў з навуковай супольнасьці. Але ведаеце, што мяне засмучае? З аднаго боку, Скарына — гэта асоба настолькі высока цікавая, што ня мае ў пэўнай ступені сабе роўных у сваім часе ў Цэнтральнай Эўропе. Сёньня мы адзначаем 500-я ўгодкі выданьня яго першай кнігі, але насуперак гэтаму не знайшлася сіла, каб 3-4 гады назад нехта сфармаваў бы міжнародны калектыў навукоўцаў, якія б зрабілі або навуковую манаграфію, або новую Энцыкляпэдыю пра Скарыну.

Мы проста падпарадкоўваемся грамадзкай замове: усім вельмі трэба, каб пры дапамозе Скарыны нешта было даказана

Але Скарына пачынае вывучацца адразу пасьля сваёй сьмерці. Ён як бы надалей, вобразна кажучы, шукае новыя і новыя доказы жывучасьці сваёй спадчыны. Але дакуль мы не адкрыем аснову, тое, на якой глебе — рэлігійнай, грамадзкай, этнічнай, гістарычнай і так далей — ён стаяў, датуль усё будзе толькі варажбой на кававай гушчы. Мы проста падпарадкоўваемся грамадзкай замове: усім вельмі трэба, каб пры дапамозе Скарыны нешта было даказана. Але дасюль яшчэ існуюць вялізныя прагалы ў спазнаньні яго спадчыны. Вось гэта мяне ў Скарынаву гадавіну засмучае — што яна не была выкарыстана для таго, каб магутным крокам у міжнародным супрацоўніцтве пайсьці далей.

Абламейка: Ага... Ну дык гэта нешта іншае, чым тое, што я зразумеў з вашых словаў на сымпозіюме. Вы таксама былі сказалі, што ўважаеце Скарыну касмапалітам...

Войт: Ну так, але гэта не разыходзіцца з жаданьнямі і пазыцыяй маіх калегаў за мяжой. У рэшце рэшт, вучыўся Скарына ў Кракаве, мог быць у Вене і Нюрнбэргу, часткова жыў у Празе... Для свайго часу, калі возьмем сярэдняга мяшчаніна, які сядзеў дома, дык Скарына быў касмапалітам у добрым сэнсе гэтага слова.

Абламейка: Я сёлета для натхненьня і разваг над Скарынавай спадчынай прачытаў ягоныя прадмовы і пасьляслоўі. Там шмат выказваньняў пра любоў да «рускага языка» і братоў «Русі». Усё гэта выглядае як вялікі, магутны патрыятызм...

Войт: Гэтае праяўленьне палітычнага або моўнага патрыятызму мы ня можам вырываць з кантэксту той эпохі, у якую Скарына жыў. Мяжа XV-XVI стагодзьдзяў — гэта час нараджэньня і станаўленьня новай сацыяльнай праслойкі — мяшчанства. Само сабой, гэты працэс Італія і іншыя сьпелыя краіны Міжземнамор’я і Заходняй Эўропы тады ўжо прайшлі. Але для Цэнтральнай Эўропы гэта час станаўленьня мяшчанства ў канфлікце з магнатамі і шляхтай. І гэты працэс ня мог мець іншы характар, як толькі патрыятычны і моўны (або моўна-патрыятычны). У Чэхіі было тое самае — націск на чэскую мову. У Польшчы таксама, і дзе заўгодна. У тым, да чаго заклікае Скарына, і што ён любіць — няма нічога незвычайнага, гэта знак таго часу.

Абламейка: Вы таксама казалі, што Скарына не зьяўляецца гуманістам у клясычным сэнсе гэтага слова... Але калі вы паглядзіце, як гуманізм трактуе чэская вэрсія Вікіпэдыі, то ўбачыце, што гэта супадае з характарам дзейнасьці Скарыны. Вось я працытую кавалак: «Postoj a myšlenkový směr, který vychází z uznané hodnoty každého lidského života a její přednosti až nadřazenosti ostatním hodnotám jako hodnota nejvyšší, zdůrazňuje univerzální lidství, solidaritu všech lidí...» (Сьветапогляд, які прызнае каштоўнасьць кожнага чалавечага жыцьця і яго прыярытэт перад іншымі каштоўнасьцямі, ставіць акцэнт на ўнівэрсальнасьць чалавецтва, салідарнасьць усіх людзей...)

Войт: Галоўная праблема хаваецца ў тым, што менавіта мы лічым гуманізмам і як тлумачым гэты панятак. А ён мае два розныя узроўні, якія, на жаль, у асяродзьдзі непрафэсіяналаў, такім, напрыклад, як Вікіпэдыя (або ўжо і ў навуковых колах) зьмешваюцца. А гэтага рабіць нельга. Тое, што вы мне прачыталі, гэта погляд на гуманізм як на грамадзкі ўзровень дачыненьняў паміж людзьмі. Таму можам сказаць, што гуманістам быў Талстой, Горкі і іншыя, і ніхто з намі ня будзе спрачацца, таму што гэта праўда. Але калі гаворым пра тыя старыя часы — пра канец позьняга Сярэднявечча і пачатак Рэнэсансу, то гуманізм тады меў абсалютна іншы характар і сэнс, быў на абсалютна іншым узроўні.

Гуманізмам тады быў мэтад, які дазваляў з дапамогай філязофскай і філялягічнай спадчынай антычнасьці актуалізаваць як саму антычнасьць, сярэднявечча, так і сучасныя праблемы. А гэтага ў Скарыны мя ня знойдзем. Ня трэба зьмешваць тое, што ён, напрыклад, заклікаў да адукацыі мяшчан, да адраджэньня і так далей (як я ўжо сказаў, гэта знак таго часу, гэта зьвязана з паўставаньнем і станаўленьнем мяшчанскай праслойкі грамадзтва).

Але каб Скарына перакладаў Біблію такім спосабам, як, скажам, Ляўрэнцыё Вала або Эразм Ратэрдамскі, якія менавіта на падставе антычнай мэтадалёгіі не перакладалі Вульгату Гераніма, але зьвярнуліся да першасных тэкстаў на грэцкай і габрэйскай мовах, такога няма — Скарына так не зрабіў. У яго няма ніякіх паэтычных, мэтралягічных праяў антычнасьці, нейкіх лацінскіх дыстыхаў, якія б абапіраліся на антычную мэтрыку — а гэта ўсё рысы тагачаснага гуманізму.

Я прызнаю ў Скарыны гуманнасьць, чалавечнасьць, без сумненьня, але гэта рыса, якая характарызуе раньнерэнэсансную літаратуру ў Польшчы, Чэхіі, Маравіі, Нямеччыне і дзе заўгодна яшчэ. Але калі шукаю рысы тагачаснага гуманізму — дык іх у Скарыны не знаходжу.

Дацэнт Карлавага ўнівэрсытэту Ільля Лямешкін агучвае даклад Пятра Войта для ўдзельнікаў Міжнароднага сымпозіюму ў Празе 15 чэрвеня 2017 году па-расейску.
Дацэнт Карлавага ўнівэрсытэту Ільля Лямешкін агучвае даклад Пятра Войта для ўдзельнікаў Міжнароднага сымпозіюму ў Празе 15 чэрвеня 2017 году па-расейску.

Абламейка: Вы лічыце, што зьмест Скарынавых прадмоваў і пасьляслоўяў, факт зьмяшчэньня ім свайго партрэту ў Бібліі — гэта рысы тагачаснай эмансыпацыі мяшчанства?

Войт: Часткова, так. Вы кажаце пра партрэт... Гэта ня мае з гуманізмам нічога агульнага...

Абламейка: А хіба гэта не рэнэсансная праява асабістай чалавечай годнасьці і павагі да чалавека?

Войт: Гэта пытаньне разуменьня Бібліі і адна з нэўрастэнічных, відаць, праблематык, якімі дасюль ніхто не займаўся (наколькі я ведаю, і наколькі я абазнаны ў расейскамоўнай літаратуры).

Я лічу, што веліч Скарыны настолькі вялікая, што штучныя дадаткі і ўпрыгожаньні яму зусім непатрэбныя — ён будзе жыць і бязь іх. Але затое будзе жыць аўтэнтычным

Я думаю, што ў змаганьні за спрашчэньне і дэмакратызацыю тэксту (гэта частка барацьбы за эмансыпацыю мяшчан) ён зайшоў вельмі далёка. Ён разбурыў стагодзьдзямі паважаныя нормы-клішэ ў стаўленьні да біблейнага тэксту. Датуль ніколі не было (наколькі я ведаю — да 1641 году), каб Біблію суправаджаў партрэт сьвецкага чалавека, які быў бы перакладчыкам або рэдактарам выданьня! Максымальна гэта мог быць Геранім — але ён быў сьвяты. Але, паўтараю, ня сьвецкая асоба. Гэта першая рэч, якая ўражвае, але ня мае нічога агульнага з гуманізмам.

Ну а калі вы згадалі пра зьмест і тон прадмоваў і пасьляслоўяў Скарыны — дык тут я абсалютна згодны. Але я лічу, што гэта не праява гуманізму ў вузкім сэнсе слова — той філязофска-філялягічнай мэтодыкі з апорай на антычнасьць, але той барацьбы за адраджэньне і эмансыпацыю мяшчанскай клясы.

Абламейка: І апошняе пытаньне да вас, спадару дацэнце. Вы казалі, што, на вашу думку, Скарыну павінна была б вывучаць міжнароднай каманда эўрапейскіх навукоўцаў, і што ўвагі ягонаму юбілею нададзена недастаткова. Як бы вы ацанілі постаць Скарыны і зробленае ім?

Войт: Я проста зачараваны Скарынам. Гэта асоба, роўнай якой падчас сваіх дасьледаваньняў літаратуры, культуры і выяўленчага мастацтва Цэнтральнай Эўропы я не сустракаў. Задачай згаданага калектыву навукоўцаў было б зьняцьце са Скарыны мноства наноснага, што мінулыя пакаленьні з добрым намерам да яго прычапілі. Гэта трэба было б зрабіць толькі для таго, каб падкрэсьліць ягоную веліч і ягоныя грамадзкія, ідэалягічныя заслугі.

Я лічу, што веліч Скарыны настолькі вялікая, што штучныя дадаткі і ўпрыгожаньні яму зусім непатрэбныя — ён будзе жыць і бязь іх. Але затое будзе жыць аўтэнтычным.

(Пераклад з чэскай)

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG